Фітнес, сямейныя фотавыставы і стравы з 12 рэстаранаў на вуліцы стрыт-фуда ў Маладзечне

26 августа 2019

Афіцыйна пешаходная фуд-зона ў горадзе з'явілася некалькі месяцаў таму. А пачынаўся праект з невялікіх кафэ на былым гарадскім міні-рынку.

Увасобіць праект вуліцы для адпачынку арганізатары змаглі дзякуючы конкурсу сацыяльных праектаў Social Weekend. І цяпер вуліца стрыт-фуда ў Маладзечне пешаходная.

Такога танцавальнага флэшмобу жыхары Маладзечна чакаюць з асаблівым нецярпеннем. Кожную нядзелю аматары актыўнага танца сустракаюцца на вуліцы стрыт-фуда а 7-й гадзіне вечара. Сюды прыязджаюць сталічныя зумба-трэнеры і праводзяць двухгадзінную музычную трэніроўку. 

У кафейнай індустрыі Вольга восем гадоў. Ведае дзясяткі рэцэптаў кавы з асаблівым водарам. Пункт на вуліцы стрыт-фуда ў Маладзечне адкрыла ўсяго год таму. І ўжо зараз сцвярджае, што менавіта тут змагла цалкам увасобіць усе бізнес-ідэі і надаць сваёй працы зусім іншае жыццё. 

Афармленне вуліцы стрыт-фуда таксама даволі незвычайнае. За візуальны выгляд адказвалі мастакі з Італіі, Люксембурга, Азербайджана, Расіі і Беларусі. І як вынік - 48 непаўторных і яркіх графіці. Ідэя стварыць у статысячным горадзе вуліцу з вулічнай ежай належыць Ганне Холад. Камандай задуму прэзентавалі на конкурсе сацыяльных праектаў Social Weekend, выйшлі ў фінал, а там атрымалі прыз глядацкіх сімпатый і фінансавы грант. Сродкаў якраз хапіла, каб рэарганізаваць вуліцу,   па якой раней ездзілі машыны, у пешаходную - з вулічнай мэбляй, азеляненнем, асвятленнем і абавязкова актыўнай праграмай. 

Акрамя смачнага і разнастайнага меню, майстар-класаў па зумбе на маладзечанскай стрыт-фуд-вуліцы  працуе адкрыты мікрафон для маладых артыстаў, ладзяць сямейныя выставы, гуляюць у мафію, праводзяць лекцыі і цікавыя сустрэчы. І на кожны тыдзень для сучаснай арт-пляцоўкі падрыхтавана свая непаўторная праграма.