Фінальны акорд акцыі "Нашы дзеці" ў Пухавіцкім раёне

17 января 2020
Доўгачаканы і неабходны падарунак атрымала шматдзетная сям'я з Мар'інай Горкі. Ключы ад аўтамабіля ўручыў сёння губернатар вобласці Аляксандр Турчын, які таксама з'яўляецца і старшынёй Рэспубліканскага савета па развіцці прадпрымальніцтва. А дапамог здзейсніцца запаветнай мары вядомы бізнесмен Павел Тапузідзіс.

Наш карэспандэнт Надзея Сербіненка таксама прысутнічала на ўрачыстасці.

У сям'і Бажанавых выхоўваюцца адразу 10 дзяцей - 5 сваіх і 5 прыёмных. І ў гэты дом сямейнага тыпу ў Мар'інай Горцы напярэдадні Новага года ўжо завітвалі высокія госці, у тым ліку - губернатар. Але сёння, 17 студзеня, адбыўся ўжо другі візіт.

У рамках акцыі "Нашы дзеці" губернатар Аляксандр Турчын, які таксама з'яўляецца старшынёй Рэспубліканскага савета па развіцці прадпрымальніцтва, наведваў Мар'інагорскі дом сямейнага тыпу разам са сваім намеснікам па Савеце, бізнесменам Паўлам Тапузідзісам. Тады вялікай сям'і яны ўручылі тэлевізар, ноўтбук, цацкі і салодкія падарункі. Бацькі-выхавальнікі Алена і Андрэй гасцінна сустрэлі гасцей і распавялі пра жыццё і побыт сваёй сям'і. Тады ж высветлілася, што на 12 членаў сям'і - адна легкавая машына. Стала відавочна, чаго не хапае асабліва. І цуд здарыўся...

Доўгачаканае аўто для вялікай сям'і


Камфартабельнае 7-мясцовае аўто для Бажанавых набыла кампанія Паўла Тапузідзіса. У інтэрв'ю журналістам бізнесмен расказаў пра планы Савета па прадпрымальніцтве забяспечыць усе дамы сямейнага тыпу і Мінскай вобласці новымі аўто.

Аляксандр Турчын і Павел Тапузідзіс без падарункаў таксама не засталіся. Сімвалы дабрабыту і сямейнага шчасця з саломкі, зробленыя сваімі рукамі, яны забралі з сабой у Мінск.