Фіналісты нацыянальнага конкурсу "100 ідэй для Беларусі" сёння атрымлівалі парады прадпрымальнікаў

19 февраля 2015

Гэтыя зносіны дапамогуць моладзі з рэалізацыяй сваіх унікальных праектаў у будучыні. Улада Карніцкая і да парад прыслухалася, і сякія-такія таямніцы даведалася.

Можа вылечыць любую кароўку. Тут у Інстытуце эксперыментальнай ветэрынарыі над новымі лекамі працавалі больш за тры гады. Галоўная іх мішэнь - паразіты. Менавіта яны, на думку экспертаў, - адна з галоўных пагроз для здароўя парнакапытных. Хімічную формулу "Янсявіта", а менавіта так завуцца новыя лекі, распрацавала Наталля Шчамялёва. Гаворыць, ставіла перад сабою тры асноўныя задачы. І выканала ўсе без выключэння.

Наталля Шчамялёва, старэйшы навуковы супрацоўнік аддзела паразіталогіі РУП "Інстытут эксперыментальнай ветэрынарыі НАН Беларусі":

"Каб прэпарат быў актуальны для Беларусі для буйнарагатай жывёлы, максімальна бясшкодны, не зніжаў ні імуннай абароны, як монакампанентныя ангельметыкі, і трэцяе - гэта даступнасць, каб быў даступны, недарагі".

Эканамічны эфект ад распрацоўкі навукоўцы ўжо падлічылі. Падлічылі яго і на галоўным інавацыйным маладзёжным конкурсе краіны "100 ідэй для Беларусі". Наталля стала адным з удзельнікаў новага этапу. Адна доза беларускага "Янсявіта" каштуе прыкладна 20 000 рублёў. Пры гэтым замежны аналаг, як правіла, даражэйшы мінімум у тры разы.

Зараз ужо выраблена 2 500 доз гэтых лекаў. Кожную з іх навукоўцы дасканала вывучылі. І, можна сказаць, выявілі самую галоўную ўласцівасць прэпарата - мяса і малако жывёл, якіх лячылі "Янсявітам", можна ўжываць амаль адразу.

Малако жывёліны, якую лячылі замежным аналагам, нельга піць мінімум 2 тыдні - лекі марудна выводзяцца з арганізма. Гэта і стала асноўнай перавагай прэзентацыі праекта Наталлі Шчамялёвай. У сталічным Доме моладзі сёння дзяўчына з амаль яшчэ паўсотняй фіналістаў нацыянальнага конкурсу "100 ідэй для Беларусі" - у ролі вучняў. У ролі настаўнікаў - паспяховыя прадпрымальнікі. Менавіта яны на пальцах юнакам і дзяўчатам тлумачаць, як тое, што яны стварылі, яшчэ і выгадна прадаць.

Алеся Віннік, каардынатар праекта "100 ідэй для Беларусі":

"Нашы абласныя камітэты, мінскі гарадскі камітэт БРСМ склалі дагаворы аб супрацоўніцтве з бізнес-супольнасцямі, тэхнапаркамі і рознымі цэнтрамі падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. Гэта выключны вопыт, раней такога ўзаемадзеяння не было. Сёння маладыя людзі праводзяць семінары, трэнінгі, прыходзяць у тэхнапаркі".

Выпрабаваць новыя метады прэзентацыі хлопцы і дзяўчаты змогуць ужо 24 лютага - на фінале конкурсу "100 ідэй для Беларусі". Сімвалічна, сёлета свае праекты на выставе прэзентуюць менавіта 100 лепшых распрацоўшчыкаў краіны. Сёння ж арганізатары прыадкрылі адну з таямніц правядзення фіналу: тут будзе працягнутая тэма яблыневага саду, якая стала лейтматывам галоўнай маладзёжнай падзеі краіны - форуму "Адкрыты дыялог", з'езду Саюза моладзі. На фінальнай выставе кожны атрымае нанаяблык, які на 3D-прынтары надрукаваў адзін з удзельнікаў конкурсу.