Фінал рэспубліканскага конкурсу "Сям'я года" пройдзе на сцэне Палаца прафсаюзаў у Мінску

10 октября 2019

Сакрэтамі цёплых адносін і сямейнага шчасця  падзеляцца ўдзельнікі фіналу рэспубліканскага конкурсу "Сям'я года". Ён адбудзецца ў суботу  на сцэне Палаца прафсаюзаў у Мінску. У фінале сустрэнуцца 7  каманд - па адной ад кожнай вобласці і сталіцы. Яны - ужо лепшыя на рэгіянальных этапах.  Зараз усе сілы кінутыя на падрыхтоўку да заключнага выступлення. Бо, як абяцаюць арганізатары,  будзе шмат экспромту. З удзельнікамі фіналу  пазнаёмілася Вольга Маслоўская.

Сям'я Кулаковых прадставіць Віцебскую вобласць на фінале конкурсу "Сям'я года". Да фіналу ўсяго два дні, таму ў вялікай сям'і Кулаковых вольнага часу няма. Рэпетыцыі і раніцай, і ўвечар. Іх дружная каманда прадстаўляе  Віцебскую вобласць у рэспубліканскім конкурсе "Сям'я года". Для поспеху ёсць усё: талент, творчы падыход, а галоўнае - згуртаванасць. 

Капітан каманды - тата Дзяніс - працуе галоўным энергетыкам. І сочыць за эканоміяй рэсурсаў не толькі на працы, але і дома. Мама Марына працуе ў страхавой кампаніі і выкладае ў тэхналагічным універсітэце. Лічыць, што ніколі не позна асвойваць новыя прафесіі. Дочкі займаюцца музыкай, валейболам, наведваюць тэатральную студыю - гэта толькі частка іх захапленняў. Дарэчы, фінал конкурсу супаў з днём нараджэння старэйшай Ксеніі.

Шумны дом сям'і Нікіціных з аграгарадка Пакалюбічы. Мама Надзея, тата Мікалай і дзве пары двайнятак: 16-гадовыя Дзяменцій і Дзмітрый і 13-гадовыя Эльвіра і Аліса. Шлюбны стаж Нікіціных - больш за 20 гадоў. 

Кіраўнік сям'і працуе ў Дэпартаменце аховы МУС. А дома - ён галоўны будаўнік. І пакуль тата рамантуе і ўладкоўвае дом, мама дагэтуль гуляе ў лялькі! Проста яна - актрыса Гомельскага тэатра марыянетак. Свае захапленні ёсць і ў кожнага дзіцяці.  

Дзяменцій - профі ў водным пола. Дзмітрый - у скачках на акрабатычнай дарожцы. Сёстры таксама аддалі перавагу спартыўнай акрабатыцы. Ёсць у сям'і Нікіціных і свае традыцыі.

Ведаюць у гэтай дружнай сям'і не толькі смачныя рэцэпты, але і рэцэпты сямейнага шчасця. Імі падзеляцца са сцэны ўжо ў суботу. Упэўненыя: для кожнай сям'і ўдзел у конкурсе падорыць яркія ўражанні. А яшчэ новых сяброў - з кожнай вобласці нашай краіны.