Фінал праекта "Супермама" прайшоў у сталіцы

28 октября 2015

Удзельніцы – актыўныя і паспяховыя шматдзетныя маці - гатовыя даказаць, што вялікая сям’я – гэта выключныя перавагі! На працягу месяца дзесяць фіналістак наведвалі майстар-класы, курсы імідж-тэрапіі, трэнінгі і тэматычныя фотасесіі. А пасля знаёмілі са сваімі сем’ямі і паказвалі творчыя нумары. Як стаць суперматуляй, раскажа Юлія Токар.

Яе дэвіз – "Шчасце – гэта дзеці"! Алеся Лучына са сваёй вялікай дружнай сям’ёй: мужам Алегам, дачкой Вольгай і двайняткамі Яраславам і Уладзіславай, – людзі творчыя і актыўныя. Турзлёты, спорт і падарожжы. Акрамя гэтага, эканаміст па адукацыі, Алеся мае ўласны бізнес, займаецца арганізацыяй і правядзеннем святаў. Паспяваць за ўсім і ўсімі – справа нялёгкая.

Менавіта для такіх шматдзетных матуль, чыё жыццё не абмяжоўваецца хатнімі клопатамі, а праходзіць насычана, актыўна, чыя прафесія запатрабаваная, ужо другі год запар ладзіцца праект “Супермама”.

Падчас фінальнага шоу ўдзельніцы прэзентавалі сваю сям’ю, пелі і танцавалі разам з дзецьмі. Напрыканцы – дэфіле ў вячэрніх сукенках.

На ўдзел у праекце было пададзена больш за 200 заявак. І толькі 10 самых актыўных супермам прайшлі ў фінал. За плячыма ў іх майстар-класы па кулінарным мастацтве, рукадзеллі і акцёрскім майстэрстве. Кожная ўжо даказала, што яна прыгожая і паспяховая жанчына. Застаецца толькі зачараваць журы.

І гэта ўдалося зрабіць Таццяне Каржовай. Шматдзетная маці прыехала з Магілёва. Рэцэпт сямейнага дабрабыту пераможніцы праекта прыйшоўся даспадобы і журы, і ўсім удзельнікам.

Таццяна Каржова, пераможца праекта: "Праект дапамог нам выявіць творчыя здольнасці. На візітоўцы сям'і мы ўдзельнічалі ўсе разам, разам з нашым татам. І проста на сцэне паказваем працэс вырабу нашых тартоў".

Свой жа сакрэт поспеху і сямейнага шчасця мае кожная супермама. Дарэчы, толькі ў Мінску шматдзетных сем'яў - больш за 10 000. І кожная з матуль годная такога высокага звання.