Фінал акцыі "Добрае сэрца" прайшоў у сталічным Доме міласэрнасці

23 сентября 2017

Амаль тры сотні беларускіх святынь сёлета добраўпарадкаваныя і адноўленыя клапатлівымі рукамі валанцёраў. У Мінску напярэдадні падвялі вынікі штогадовага праекта Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Ён прысвечаны добраахвотнай дапамозе ва ўладкаванні храмаў, манастыроў, свяцілішчаў і іншых культавых месцаў як праваслаўнай і каталіцкай, так і іншых канфесій. Кожны год удзельнікі руху БРСМ "Добрае сэрца" аказваюць дапамогу ў навядзенні парадку на розных культавых аб'ектах па ўсёй краіне. Маладыя людзі атрымалі лісты з падзякай. Фінал акцыі прайшоў у сталічным Доме міласэрнасці.

Леанід Гуляка, упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Беларусі:

"Гэта, безумоўна, ідэя БРСМ, гэта ідэя і цэрквы. У нейкай ступені на нас выходзілі. Мы, безумоўна, яе падтрымлівалі ўсяляк. І яна развіваецца. Яна ўжо, бачыце, выходзіць на такія вельмі цікавыя кірункі, якія цікавыя і моладзі, і любому жыхару нашай краіны. Таму што больш даведваюцца. І пра царкву даведваюцца, і пра духоўнасць больш даведваюцца. І самае пазітыўнае ў гэтым, я лічу, што менавіта моладзь да гэтага цягнецца".

Валанцёры прэзентавалі гасцям экскурсійныя маршруты "Святыні Беларусі". Сярод праектаў дарожная карта, распрацаваная сталічнай моладдзю.