Фігуранты справы аб дагаворных футбольных матчах атрымалі да 3-х гадоў абмежавання волі

12 октября 2017

Вынесены вердыкт па нашумелай справе аб дагаворных матчах. Усе фігуранты прызнаныя вінаватымі па артыкуле "Подкуп удзельнікаў і арганізатараў прафесійных спартыўных спаборніцтваў". Два асноўныя абвінавачаныя - экс трэнер-адміністратар ФК "Прамень" Юрый Сыраквашка і былы футбаліст Вячаслаў Замара – прыгавораныя да трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Экс-трэнер футбольнага клуба "Іслач" Уладзімір Макоўскі - да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову. Астатнія пакараныя буйнымі штрафамі. Максімальны – больш за 90 тысяч рублёў - прысудзілі былому баскетбалісту з Украіны Яраславу Леміку. Футбалістаў суд пакараў штрафамі на сумы больш як 9 і 27 тысяч рублёў. Самы вялікі штраф атрымаў варатар "Ашмян" Віталь Жалудок. Пры гэтым частку абвінавачаных суд на 5 гадоў пазбавіў права ўдзельнічаць у прафесійных спартыўных спаборніцтвах.

Нагадаем, скандал у беларускім футболе разгарэўся летась, калі высветлілася, што шэраг футбольных клубаў замяшаны ў дагаворных матчах. Фігурантамі справы сталі 15 чалавек, у тым ліку дзеючыя гульцы каманд Першай лігі і яшчэ два футбалісты, якія завяршылі кар'еру.