Фігура Маці Божай Фацімскай прыбыла сёння ў Беларусь

13 октября 2016

Адна са святынь каталіцкага свету - фігура Маці Божай Фацімскай - прыбыла сёння ў Беларусь. Ля галоўнага каталіцкага храма краіны святочную працэсію з рэліквіяй сустракалі вернікі і святарства на чале з архібіскупам Мітрапалітам Мінскім і Магілёўскім Тадэвушам Кандрусевічам.

Ва ўрачыстасці прыняў удзел і Апостальскі нунцый, прадстаўнік Ватыкана ў Беларусі Габар Пінтэр. Беласнежная ў пазалоце, увянчаная царскай каронай мініяцюрная фігура Маці Фацімскай заехала ў кафедральны сабор на руках ганаровага картэжа, уся ў кветках і ў суправаджэнні траіх дзяцей (яны сімвалізавалі менавіта тых маленькіх пастушкоў, якім амаль стагоддзе таму і з'явілася Маці Божая ў Фаціме). У Архікафедральным саборы Найсвяцейшага імя Прасвятой Дзевы Марыі святая фігурка заняла ганаровае месца ў алтарнай частцы. Тут рэліквія прабудзе чатыры дні, пасля чаго адправіцца ў перагрынацыю (духоўны ваяж) па касцёлах Беларусі. Візіт фігуры Дзевы Марыі з Фацімы на Беларусь не першы. Знаёмства беларусаў з каталіцкай святыняй адбылося ў 1989 годзе. Але сёння падарожжа Фацімскай фігуры мае асаблівы характар. Скульптурная выява Маці Божай застанецца ў Беларусі назаўжды і будзе стацыянарна размяшчацца ў Мінскім архікафедральным саборы. Так што зараз Мінск будзе прымаць шматлікіх паломнікаў да святыні з усяго свету.

Маці Божая Фацімская ўпершыню з'явілася людзям у 1917 годзе .У пачатку неспакойнага ХХ стагоддзя яна перадала людзям шэраг прароцтваў, якія спраўдзіліся, таму яна і была афіцыйна прызнаная Ватыканам і каталіцкай царквой. Некалькі прароцтваў Марыі Фацімскай датычыліся і нашых зямель. Святая прадбачыла адраджэнне хрысціянскай веры, нягледзячы на эпоху атэізму. Таксама ёй належыць прадбачанне дзвюх войнаў мінулага стагоддзя - Першай і Другой сусветных. Маці Божая Фацімская карыстаецца вялікім даверам і шанаваннем у католікаў усяго свету.