Фестываль "Крэатыўны ўзрост" аб'яднаў людзей сталага веку

1 октября 2019

Яны займаюцца спортам, танцуюць, удзельнічаюць у сацыяльных ініцыятывах. З нагоды Сусветнага дня пажылога чалавека пазітыўных і актыўных людзей сталага веку аб'яднаў фестываль "Крэатыўны ўзрост". У адной з аграсядзіб Мінскай вобласці для іх адбыліся майстар-класы па стылі, дэфіле, арганізацыі ўласнай справы. Наталля Кузьміцкая пазнаёмілася з тымі, хто не адчувае лічбаў у пашпарце і актыўна жыве на заслужаным адпачынку.

Нават дажджлівае надвор’е не сапсавала настрой удзельнікам фестывалю "Крэатыўны ўзрост". Яны прыехалі з розных куткоў краіны, каб пазнаёміцца, падзяліцца сваім жыццяпоглядам і пазітывам.

Пакуль адны дэманстравалі свой талент, іншыя вучыліся. Побач са сцэнай праходзіў майстар-клас па скандынаўскай хадзе. Тамара Малахоткіна ўжо вопытны інструктар. Са сваімі вучнямі і сяброўкамі штодзень адпраўляецца на аздараўленчыя шпацыры.

Акрамя фізічнай у Тамары Цімафееўны ёсць і сацыяльная нагрузка. Некалькі гадоў таму яна стала сярэбраным валанцёрам. Пад яе апекай жанчына-інвалід, якой яна дапамагае па гаспадарцы і іншых бытавых пытаннях. Ініцыятыва "Пажылыя пажылым" вельмі актыўна развіваецца ў нашай краіне.

Акрамя таго як далучыцца да сацыяльных праектаў, удзельнікі фэсту даведаліся, і як рэалізаваць уласную ідэю - ад запрошанай госці з Екацерынбурга, кіраўніка праекта "Стартап +".

Узрост - не перашкода для моцнага жадання навучыцца мадэлінгу і заваяваць подыумы, адкрываць для сябе новыя хобі, займацца спортам і пераадольваць марафоны. 

Фестываль "Крэатыўны ўзрост" праходзіў другі год і ў наступным абяцае стаць традыцыйным. Пляцоўкамі для яго нязменна становяцца аграсядзібы, такім чынам удзельнікі фэсту не толькі атрымліваюць новыя знаёмствы, але і падарожнічаюць. А вандроўкі, вядома, падаўжаюць жыццё і дораць незабыўныя эмоцыі.