Фестываль бульбы ладзілі ў Капылі

22 октября 2018

Дзясяткі духмяных пачастункаў, скульптуры і нават арт-аб'екты з гародніны. Фестываль бульбы ладзілі ў Капылі. Падчас свята ўдзельнікі падзяліліся арыгінальнымі рэцэптамі і сакрэтамі вырошчвання землянога яблыка, а госці змаглі пакаштаваць нацыянальныя стравы.

Колькі рэцэптаў з бульбы ведаюць капыльскія гаспадыні і які сорт больш падыходзіць для дранікаў, даведалася Аляксандра Кавеліч.

Апетытныя водары тут разносяцца на ўвесь горад. Цэнтральная вуліца Капыля ператварылася ў вялікі фуд-корт пад адкрытым небам. Галоўная страва ў меню - бульба. Шашлыкі, чыпсы і нават тарты. Сваімі рэцэптамі дзеляцца мясцовыя гаспадыні.

Смачнае свята ладзяць у Капылі другі год запар. Госці не проста дэгустуюць духмяныя стравы, а і даведваюцца сакрэты вырошчвання землянога яблыка. Напрыклад, які сорт больш падыходзіць для традыцыйнай беларускай кухні.

Дарэчы, падчас свята выбралі і самы арыгінальны дранік. А юныя гаспадыні паспаборнічалі ў кулінарным майстэрстве.

Не толькі ў якасці духмяных пачастункаў… На гэтай выставе бульба стала і прадметам мастацкай творчасці. У ядомых кампазіцыях увасобілі мясцовыя восеньскія пейзажы і камічныя сюжэты.

Арганізатары ўпэўнены: свята ўраджаю стане шчодрай восеньскай традыцыяй, цікавасць да якой будуць праяўляць не толькі мясцовыя жыхары, а таксама фуд-блогеры і турысты.