Фэст "Энергія маладосці" ў Вілейцы

5 июля 2016

Варкаўт-паказы, майстар-клас ад скейтбардыстаў і фестываль фарбаў. Вілейскі парк на адзін дзень ператварыўся ў гарадок субкультур. Падчас фэсту "Энергія маладосці" ў скверы адкрылі сучасны скейтпарк. Экстрымальныя пляцоўкі складаюцца з шасці розных геаметрычных фігур - ад рампы да трамплінаў.

А на фестывалі фарбаў удзельнікі свята ператвараліся ў мастацкія палотны. Яны размалёўвалі адзін аднаго каляровым парашком. Энергіяй маладосці падзарадзіўся і Ян Пашкевіч.

Велізарным скейт-паркам для Яўгена Русака заўсёды быў увесь горад - бардзюры ператвараліся ў рэйлы, а крутыя ўзгоркі ў рампы. З адкрыццём сучаснага скейтпарка ў Вілейцы плануе практыкавацца тут кожныя выхадныя і дзяліцца тонкасцямі майстэрства з пачаткоўцамі.

Рэйлы, квотэрпайп і панбокс - экстрэмальны ландшафт скейтпарка складаецца з 6 геаметрычных фігур. У адмысловую спартыўную залу пад адкрытым небам ператварылі старую танцавальную пляцоўку.

Адкрыццё скейтпарка ў Вілейскім скверы супала з фестывалем "Энергія маладосці". На варкаўт-пляцоўцы вулічныя гімнасты выпісвалі на перакладзінах акрабатычныя піруэты.

Музычны оўпэн-эір, канцэртныя пляцоўкі, шоу фарбаў - увесь парк падзяліўся на тэматычныя зоны. Тут жа запрашалі прыняць удзел у адметных спартыўных гульнях і спаборніцтвах.

На гэтай пляцоўцы можна пасправабаць паўдзельнічаць у своеасаблівым сумо - гульня называецца бампербол - чалавек апранае на сябе вось такі шар і імкнецца ўстаяць на нагах, але гэта амаль немагчыма.

У Вілейскім парку паступова адкрыюцца новыя пляцоўкі для заняткаў спортам і адпачынку. Ідэя ператварыць сквер у гарадок маладзёжных субкультур атрымала грант ад праграмы развіцця ААН і Еўрасаюза.

Ідэю стварэння такіх паркаў падтрымаюць і ў іншых гарадах Мінскай вобласці. Такім чынам, спорт і актыўны адпачынак будзе даступны кожнаму.