Фермерскія гаспадаркі Мінскай вобласці могуць не далічыцца прыбытку з-за спякоты

7 июня 2018

Фермерскія гаспадаркі Мінскай вобласці могуць не далічыцца прыбытку. Прычына – спякота і адсутнасць дажджоў. Паводле слоў спецыялістаў, такі характар надвор'я не дазваляе садавіне і агародніне набіраць неабходную колькасць вільгаці. Таму некаторыя фермеры знайшлі новы фармат заробку на сваёй справе. Перспектывы ўраджаю - у матэрыяле Аляксандра Хараўца.

Півоні, клемацісы, амаль 4 сотні лілей і рамонкаў. Двор Раісы Целяціцкай літаральна патанае ў кветках. Жанчына прызнаецца, летась буйства фарбаў у яе двары было намнога ярчэйшым. Сёлета засушлівае надвор'е адрэтушавала агульную карціну. Нават любімыя ружы сталі больш калючымі.

Гаспадыня прызнаецца, з-за спякоты будзе і меншы ўраджай клубніц. У мінулым годзе з невялікага ўчастка сабрала 8 вёдзер ягад. У гэтым добра, калі назбірае 5. Пакуль ягада яшчэ толькі чырванее, аднак просіць вільгаці.

Фермерская сям'я Рапейка за колькасць вільгаці для будучага ўраджаю не хвалюецца. Пад кожным кустом буякоў - персанальная лейка. Вырошчваннем карысных ягад займаюцца 6 гадоў. Гаспадары расказваюць – дайшлі да культывацыі гэтай культуры метадам спроб і памылак.

Плошча фермерскай гаспадаркі - 200 гектараў. Пятая частка - пад буякамі. Паводле слоў Анатоля Рапейкі, гэта культура адна з самых перспектыўных. Таму займаюцца ёй усёй сям'ёй.

Першапачаткова зямлю і бралі пад развіццё аграэкатурызму. А паколькі вопыту ў турыстычнай сферы было дастаткова, то сваю сядзібу стылізавалі пад сядзібу Санта-Клауса. Тым больш што ў гэтага казачнага персанажа некалькі любімых страў – імбірныя і шакаладныя пернікі, а таксама варэнне з буякоў.

Як вырошчваюць любімы ласунак Санты, могуць з лёгкасцю даведацца нават дзеці. У гульнявой форме юных натуралістаў знаёмяць з агратэхналагічным працэсам. Напрыклад, цяпліцу тут называюць дзіцячым садком, дзе чаранкі пад музыку Бетховена растуць на працягу года.

Пасля ясляў маленькія кусцікі адразу адпраўляюцца ў школу. На гэтых плантацыях яны жывуць 2 гады.

Дзякуючы такому аграадукацыйнаму эксперыменту новыя працоўныя месцы атрымалі яшчэ 6 чалавек. Усяго ж у Чэрвеньскім раёне сёння больш за 4 дзясяткі фермерскіх гаспадарак. Трэць з іх займаецца вырошчваннем пладова-агароднінных культур. Дарэчы, стаць фермерам сёння даволі проста.

Калі адкрыць сваю справу проста, то разлічваць на імгненны прыбытак не варта – перасцерагаюць вопытныя фермеры. Спачатку зямля патрабуе ўвагі і працавітых рук. І толькі пасля гатова адплаціць спаўна. Нягледзячы нават на пераменлівы характар надвор'я.