Федэрацыя прафсаюзаў працягвае маніторынг цэнаў на лекі

28 августа 2017

На кантроль узяты больш за 80 аптэк па ўсёй краіне: як дзяржаўныя, так і прыватныя ўстановы. Кошт параўноўваюць па 50-ці найменнях лекаў і медыцынскіх вырабаў розных вытворцаў - як айчынных, так і замежных. У пераліку найбольш запатрабаваныя прэпараты: антыбіётыкі, антыгістамінныя, а таксама медыкаменты для лячэння захворванняў сардэчна-сасудзістай сістэмы і органаў дыхання.

Людміла Літвіненка, намеснік старшыні Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя: "Да нас паступаюць пытанні, чаму ў некаторых аптэках цэны на медыкаменты ніжэйшыя, чым у сярэднім па рэспубліцы. Можа, гэта няякасныя медыкаменты? Можа яны дрэнна дзейнічаюць? Мы на гэта таксама падчас маніторынгу зважалі. І хачу яшчэ раз паўтарыць, што нашы айчынныя прэпараты якасныя. Яны адпавядаюць стандартам GMP і на сённяшні дзень экспартуюцца ў 29 краін свету".

Сёння аб’явілі і некаторыя вынікі праверкі. Цэны на лекі ў дзяржаўных і камерцыйных аптэках маюць нязначныя адрозненні. Калі гаварыць пра рэгіёны, то ў ліпені найбольш высокія цэны на медыкаменты са спісу падкантрольных былі зафіксаваныя ў Мінску і Гродзенскай вобласці.