Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі адзначыла 18 пераможцаў фестывалю "Працоўныя таленты"

22 мая 2018

У Мінску назвалі найлепшых прафесіяналаў краіны. Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі адзначыла 18 пераможцаў фестывалю "Працоўныя таленты". Прадстаўнікі розных сфер - урачы, банкаўскія працаўнікі, прадаўцы, муляры, слесары прайшлі жорсткі конкурсны адбор і сёння ў Палацы прафсаюзаў атрымалі заслужаныя ўзнагароды і падарункі. Аб прафесійным майстэрстве - Надзея Сербіненка

Дзмітрый Супрунюк - лепшы слесар-інструментальшчык не толькі Мінскага трактарнага завода, але з нядаўніх пор і ўсёй краіны. За 22 гады ў прафесіі ён вырабіў тысячы дэталяў для розных мадэляў знакамітага "Беларуса". Слесар у цэху доследнай вытворчасці павінен з чарцяжа ўмець зрабіць абсалютна любую дэталь трактара.

З абстаноўкі заводскай - у стэрыльныя палаты дзіцячай рэанімацыі. Тут, у РНПЦ неўралогіі, працуе яшчэ адзін пераможца конкурсу прафмайстэрства - медсястра Марыя Кучына. У яе аддзяленні кожны дзень ратуюць дзяцей з найцяжкімі паталогіямі з усёй краіны.

Медсястра Марыя і слесар Дзмітрый – сярод 18 пераможцаў рэспубліканскага конкурсу прафмайстэрства. Зараз кожны з тых, хто прайшоў жорсткі конкурсны адбор і стаў найлепшым у сваёй прафесіі нясуць ганаровае званне "Беларускі майстар".

У адной зале - геадэзіст, банкаўскі работнік, ветэрынар, інструктар па ваджэнні, швачка, пекар, вадзіцель, муляр. Прафесіяналы сваёй справы падзяліліся, як яны ставяцца да сваёй працы. Фестываль "Працоўныя таленты" аб'яднаў два маштабныя конкурсы - прафмайстэрства і творчасці. Сёння ўзнагародзілі і самых таленавітых працаўнікоў краіны - аматарскія вакальныя, танцавальныя, тэатральныя калектывы.

Калі сёлета Беларуская федэрацыя прафсаюзаў заснавала 18 намінацый у конкурсе "Беларускі майстар ", то ў 2019 плануюць гэты спіс пашырыць. У першую чаргу, за кошт рабочых спецыяльнасцяў і прадстаўнікоў IT-сферы. Галіны, у якой часцей за ўсё разам з новымі тэхналогіямі з'яўляюцца і новыя прафесіі будучыні.