Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі і Генпракуратура правядуць маніторынг прадпрыемстваў Віцебскай вобласці

22 марта 2018

Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі і Генпракуратура ў красавіку правядуць маніторынг прадпрыемстваў Віцебскай вобласці, якія сістэмна не выплачваюць зарплату сваім супрацоўнікам. Праблемы з выплатамі, а таксама шляхі іх вырашэння сёння абмеркавалі на сустрэчы ў штаб-кватэры Нацыянальнага прафцэнтра ў Мінску. Паводле звестак федэрацыі, часцей за ўсё з адсутнасцю аплаты за працу сутыкаюцца ў сельскай гаспадарцы і будаўніцтве. Каб выправіць сітуацыю, будзе наладжаны абмен звесткамі аб прадпрыемствах-даўжніках паміж аб'яднаннем і Генпракуратурай. Акрамя таго, на сустрэчы абмяркоўвалася ініцыятыва федэрацыі па стварэнні сістэмы страхавання ад нявыплаты зарплаты падчас банкруцтва прадпрыемстваў.

Алена Манкевіч, намеснік старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі:

"Калі прадпрыемства хранічна не выплачвае людзям заработную плату, значыць гэтае прадпрыемства знаходзіцца перад станам банкруцтва. Гэтую сітуацыю трэба вырашаць. Можна штрафаваць колькі хочаш, але калі грошай няма, яны з паветра не з'явяцца. Значыць, патрэбныя дадатковыя механізмы абароны. У лютым, паводле нашых звестак, больш чым у два разы павялічылася колькасць прадпрыемстваў, якія павінны сваім людзям".

Андрэй Мальцаў, начальнік упраўлення Генеральнай пракуратуры Беларусі:

"Толькі за мінулы год па дадзенай тэматыцы было праведзена больш як 750 праверак. Парадку 1,5 тысячы службовых асоб былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне працоўнага заканадаўства ў гэтай частцы. Вялікі патэнцыял у вырашэнні пытання мае механізм банкруцтва і санацыі прадпрыемстваў. У гэтым кірунку мы з ФПБ будзем працаваць шчыльна".

Пагадненне аб супрацоўніцтве Федэрацыя прафсаюзаў і Генпракуратура падпісалі ў верасні 2017-га. За паўгода сумеснай працы прайшлі прававыя прыёмы грамадзян у рэгіёнах краіны.



Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя