Фан-вёска на Дзяржынскага здольная размясціць 4 тысячы гасцей

16 мая 2014

Канцэпцыя беларускай фан-вёскі паедзе ў краіны Заходняй Еўропы і Канаду. Аб гэтым сёння заявіў прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі хакея з шайбай Рэнэ Фазель. Паводле яго слоў, ідэя размясціць замежных балельшчыкаў у студэнцкім гарадку вырашыла ўсе пытанні, якія маглі ўзнікнуць пры такім дынамічным прытоку турыстаў. Сёння ж прадстаўнікі Міжнароднай федэрацыі хакея мелі магчымасць асабіста пагутарыць з замежнымі фанатамі і даведацца іх меркаванне аб гасціннасці беларусаў.


У фан-вёсцы прадстаўнікі дэлегацыі не толькі пакаштавалі беларускіх дранікаў, але і на памяць аб мясцовым каларыце павезлі з сабою нацыянальную саламяную ляльку.


Адначасова фан-вёска на Дзяржынскага здольная размясціць 4 тысячы гасцей. Кожны дзень там засяляюцца і выязджаюць прыкладна паўтысячы замежных фанатаў. Паводле папярэдніх падлікаў, за ўвесь час планетарнага форуму вёска прыме каля 17 тысяч гасцей.