Фабрыка па пашыве адзення адкрыта на Аршанскім ільнокамбінаце

4 июля 2020
Рабочыя месцы атрымалі больш за паўсотні чалавек. Асноўныя напрамкі - выпуск жаночых і мужчынскіх штаноў, кашуль, блузак. Спецыялісты асвоілі і новыя тэхналогіі апрацоўкі тканіны. Акрамя гэтага, на льнокамбінаце працягваецца мадэрнізацыя. Задача -  пашырыць магутнасці па перапрацоўцы кароткага валакна. 

Яшчэ адным напрамкам, які будуць тут развіваць, стане вытворчасць санітарна-гігіенічнай прадукцыі. Марына Раманоўская - падрабязней.  

Самае буйное тэкстыльнае прадпрыемства Еўропы - Аршанскі льнокамбінат. Тканіны, створаныя ў гэтых цэхах, ведаюць ва ўсім свеце. Сукенкі, касцюмы, сумкі і абутак - беларускі лён натхняе дызайнераў. Да мадэрнізацыі ўсе аперацыі задаваліся ўручную. А гэта марудна і складана. Зараз дастаткова зрабіць некалькі клікаў, каб запусціць доўгі ланцужок ад цэха да пакупніка. 

За прыгажосцю льняных тканін стаіць каласальная праца. У гэтых цэхах паўночны шоўк праходзіць праз мноства працэдур. Усю складаную працу выконвае спецыяльнае абсталяванне. Універсальныя станкі дазваляюць не адставаць ад модных тэндэнцый і выпускаць тканіну, якая  адпавядае густу самых патрабавальных пакупнікоў ва ўсім свеце.  

Здзівіць новымі калекцыямі гатовыя і мадэльеры льнокамбіната. Тут з’явілася паўнавартасная швейная фабрыка. Раней тут былі бытавыя памяшканні. А зараз - утульныя цэхі, дзе  ўсталяваныя сучасныя швейныя машыны і комплексы раскрою. Некаторае абсталяванне выпусцілі спецыяльна  для камбіната. 

Сучасныя машыны дазволілі асвоіць модныя тэхналогіі апрацоўкі тканіны. Адзенне атрымліваецца  прыемным навобмацак. Яшчэ адзін трэнд - эфект штучнага састарвання. 

Ігар Ешчанка, намеснік генеральнага дырэктара Аршанскага льнокамбіната: "Гэта два новыя патокі. Адзін паток - гэта блузачна-кашулевая вытворчасць, другі - пашыў штаноў. Мы, вядома, тэкстыльшчыкі. Асноўны кірунак - вытворчасць тканіны. Але павышаная дададзеная вартасць - гэта гатовыя вырабы. Хатні тэкстыль і адзенне. Вось адзін з кірункаў - вытворчасць адзення". 

І гэта не адзіны новы напрамак. Хутка замест гукаў будаўнічых інструментаў у цэхах гэтай фабрыкі будзе чувацца шум новага абсталявання. На льнокамбінаце пашыраюць магутнасці па перапрацоўцы кароткага валакна. Яго заўжды  ў дастатку. 

Сыравіна пойдзе на выраб санітарна-гігіенічнай прадукцыі. Падобны вопыт маецца на прадпрыемстве ў Гродзенскім рэгіёне. На льнокамбінаце упэўненыя: пакупнік знойдзецца і ў нашай краіне, і за межамі.