Штогод на страхоўку сваіх машын па сістэме аўтакаска мінчане трацяць да 30 мільярдаў рублёў

12 июня 2013

Аўтаўладальнікі, атрымаўшы страхавы поліс, разлічваюць на пакрыццё ўсіх выдаткаў страхавой кампаніяй у выпадку ДТЗ. Аднак так бывае не заўсёды.


Наш карэспандэнт Аляксандр Харавец разбіраўся ў нюансах страхавання аўтамабіля. Застрахаваць жалезнага сябра ў страхавых кампаніях па сістэме аўтакаска каштуе ад 800 да 1200 долараў за год. Аднак, паклаўшы страхавы поліс у кішэню, аўтаўладальнік не заўсёды зможа атрымаць страхавыя выплаты.


Страхавыя выплаты па сістэме аўтакаска пакрываюць уладальніку аўтамабіля кошт яго аднаўлення да перадаварыйнага стану. Таму адрамантаваць машыну лепш, чым яна была да ДТЗ, за кошт страхоўкі не атрымаецца. Аднак, калі аўто пасля аварыі не падлягае рамонту, выплаты павінны пакрыць кошт аўтамабіля цалкам. І тут страхавым кампаніям часам прыходзіцца раскашэліцца. Напрыклад, пасля нядаўняга дарожна-транспартнага здарэння на трасе М2 з удзелам Bentley, дзе дарагая машына поўнасцю згарэла, выплаты складуць некалькі тысяч долараў.


Аднак сустракаюцца ў сталіцы і выпадкі страхавога махлярства. Аўтаўладальнікі спецыяльна страхуюць машыну па сістэме аўтакаска, а праз некаторы час заяўляюць у ДАІ пра крадзеж ці падпал сродку перамяшчэння для атрымання страхавых выплат. У топе махляроў так званыя паркоўшчыкі. Атрымаць жа так званую зарплату ў страхавой кампаніі аферыстам атрымліваецца далёка не заўсёды. Часцей за ўсё ашуканцы адпраўляюцца за краты, дзе на працягу 5-8 гадоў думаюць, як зарабляць грошы легальным спосабам.