Язда за рулём без права кіравання і непадпарадкаванне міліцыі

12 февраля 2018

У раённым судзе Жабінкі сёння прайшло пасяджэнне па справе лідара Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі. Палітык абвінавачваецца па 2 артыкулах Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Нагадаем, Лябедзьку затрымалі 9 лютага. Паводле інфармацыі праваахоўнікаў, па дарозе з Брэста (у раёне Жабінкі) аўтамабіль "фальксваген" спынілі супрацоўнікі дарожнай міліцыі. Як высветлілася пазней, вадзіцель не меў права кіравання аўтамабілем, пры гэтым мужчына аказаў супраціўленне супрацоўніку ДАІ. Усе падрабязнасці далей у сюжэце.

Інцыдэнт сваркі лідара Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі з супрацоўнікамі ДАІ трапіў на камеры рэгістратара дарожнай міліцыі. Мужчыну спынілі недалёка ад Жабінкі 9 лютага. Паводле інфармацыі дарожнай міліцыі, Лябедзька адмовіўся паказаць вадзіцельскае пасведчанне і дакументы на аўтамабіль. Пасля гэтага пачаўся дыялог на павышаных тонах, які прадоўжыўся больш за 20 хвілін.

Інспектары ДПС адзначаюць, што Лябедзьку неаднаразова растлумачвалі наступствы такіх паводзін і непадпарадкавання законным патрабаванням. Аднак мужчына аказаў супраціўленне. У выніку яго затрымалі і даставілі ў ізалятар часовага ўтрымання для высвятлення шэрагу працэсуальных дзеянняў.

Афіцыйную заяву і растлумачэнне, пры якіх акалічнасцях адбылося затрыманне, нам зрабілі ў брэсцкай міліцыі, паведамленне ёсць і на сайце ведамства.

Наталля Мілюкова, старшы інспектар аддзялення па агітацыі і прапагандзе УДАІ УУС Брэсцкага аблвыканкама:

"Неаднаразова некарэктна і задзірліва сябе вёў і была прыменена фізічная сіла, аб чым ён быў неаднаразова папярэджаны, што будзе прыменена сіла. Дадзенага грамадзяніна даставілі ў службовы аўтамабіль для складання пратакола за кіраванне транспартным сродкам, не маючы права кіравання, гэта было паўторна на працягу года, і за непадпарадкаванне супрацоўніку МУС".

Як пазней высветлілі супрацоўнікі дарожнай міліцыі, тэрмін дзеяння вадзіцельскага пасведчання, а таксама медыцынскай даведкі Анатоля Лябедзькі мінуў вясной мінулага года. У ДАІ адзначаюць, гэта ў сваю чаргу пагражае небяспекай як самому аўтамабілісту, так і іншым удзельнікам дарожнага руху.

Падчас слухання абвінавачаны напісаў хадайніцтва, каб яму далі адваката і час на вывучэнне матэрыялаў справы. Старшыня суда перанёс працэс на 23 лютага. Санкцыі артыкулаў, якія інкрымінуюць падазронаму, прадугледжваюць буйны штраф і, магчыма, арышт. Зараз абвінавачаны адпушчаны на свабоду да наступнага пасяджэння.