Калі зусім побач неспакойна і наша мірнае неба мяжуе з баявымі тэрыторыямі, а Еўропу атакуюць патокі мігрантаў, стратэгічна важнае значэнне набывае мяжа. Штодня тысячы чалавек перасякаюць мяжу краіны праз пункты пропуску і пагранпераходы. "Застава, у ружжо!" Ці часта на мяжы гучаць гэтыя словы? Хто парушае і як рэагуюць?
Уладзімір Каралёў правёў адзін дзень на пагранзаставе. Гэта з выгляду лес, які распасціраецца на многія кіламетры, здаецца адзінокім. Насамрэч камеры відэаназірання і сейсмічныя датчыкі штодня фіксуюць нелегальнае перасячэнне дзяржмяжы. У большасці выпадкаў парушальнікі - гэта дзікія жывёлы, аднак поўнасцю выключаць чалавечы фактар тут нельга.
Агульная працягласць беларускай мяжы - больш чым 3 тысячы кіламетраў. Траціна з іх - мяжа з Еўрасаюзам. Нелегалы, вымушаныя перасяленцы, наркагандляры, кантрабандысты - галоўныя парушальнікі дазору. Пераправіць мігрантаў у Еўропу, утрая даражэй прадаць цыгарэты, вывезці ў краіны Старога Свету наркотыкі - ужо не першы год пагранічнікі сумежных краін змагаюцца разам.
Вось так у пагранічнікаў выглядае кожная трывога. Застава "Лоша" Смаргонскай пагрангрупы адказвае за ўчастак беларуска-літоўскай мяжы працягласцю ўсяго 30 км. Зона дзеяння атрада невялікая, але менавіта тут, згодна са статыстыкай, сканцэнтраваныя каналы перапраўкі нелегалаў.
Аляксандр Вашчанка, начальнік пагранічнай заставы "Лоша": "У асноўным гэта грамадзяне Расіі, Грузіі і В'етнама з мэтай пошуку лепшых умоў жыцця ў краінах Еўрасаюза. Працягласць нашага ўчастка складае больш за 30 км. Прыязджаюць у асноўным з Расіі як паасобку, так і ў складзе арганізаванай групы".
На тых участках, дзе ёсць спробы прарыву, стаіць вось такая агароджа. Інфрачырвоныя прамяні фіксуюць любы рух днём або глыбокай ноччу. Амаль за два гады толькі Аляксей Высоцкі на сваім дзяжурстве дзясяткі разоў націскаў трывожную кнопку.
У перспектыве такая агароджа ахопіць усю Беларусь. Мяжа, абсталяваная оптавалаконным кабелем, дапаможа фіксаваць любое дакрананне. А камеры відэафіксацыі, якія рэагуюць на рух, для заставы ўжо даўно не ў навінку.













