"Еўраопт" бярэ курс на прэміум-клас

17 декабря 2016

Гэта датычыцца не толькі таварнага асартыменту, але і якасці сервісу. Сёння ў гандлёва-забаўным цэнтры Galleria Minsk адкрыўся першы гіпермаркет новага ўзроўню - "Еўраопт супер". Гэта 38-ы гіпермаркет гандлёвай сеткі ў Беларусі і 9-ы ў Мінску. У цэлым ужо  450-ы "Еўраопт" у краіне. Галоўная ідэя новага гандлёвага аб'екта - гіпермаркет з таварамі прэміум-класа і абслугоўваннем, але са звыклымі для пакупнікоў даступнымі цэнамі. Падрабязнасці з адкрыцця ў рэпартажы  Ксеніі Лебедзевай.

Гіпермаркет такога ўзроўню з'явіўся ў Беларусі ўпершыню. Еuroopt super - гэта самыя новыя тэхналогіі гандлю, лепшае абсталяванне, інвентар і новыя падыходы ў арганізацыі гандлёвай прасторы.

Філіп Арцёменка, гендырэктар сеткі магазінаў "Еўраопт": "Кампанія "Еўрагандаль" захоўвае сваю звыклую рысу - гэта даступныя цэны. Таму мы ўпэўненыя, што гэты аб'ект знойдзе свайго пакупніка. Гэта сучасны аб'ект прэміяльнага ўзроўню, у якім прапанавана ўсё".

Агульная плошча новага гіпермаркета складае амаль 5 тыс. кв. метраў. Сучаснае абсталяванне,  22 касы і зручная навігацыя адразу на трох мовах. Усе супрацоўнікі  - а тут створана больш як 3 сотні працоўных месцаў  - вольна  могуць размаўляць  з пакупнікамі на рускай, беларускай і англійскай мовах.

У гандлёвай зале размешчаны фудкорт. Па сутнасці, гэта вялікі рэстаран самаабслугоўвання, дзе прапанаваны шырокі выбар страў: супы, салаты, гарачыя стравы. І, вядома, кава, гарбата і дэсерты. Тут можна спакойна падсілкавацца, а затым ізноў адправіцца па пакупкі.

 Трэба сказаць, што ў Беларусі гэтая ідэя знайшла сваё ўвасабленне ўпершыню. Нешта падобнае паспрабавалі рэалізаваць нашы суседзі-літоўцы ў вядомым "Акропалісе", але беларуская версія выглядае больш цікавай і зручнай для пакупнікоў.

Асартымент тут настолькі разнастайны, што неабходныя тавары змогуць знайсці нават самыя патрабавальныя пакупнікі. Пры гэтым новы гіпермаркет захавае асноўную перавагу сеткі "Еўраопт" - даступныя  для пакупнікоў любога дастатку цэны на пашыраны асартымент тавараў прэміум-класа.

Варта адзначыць, што, як і ў іншых гандлёвых аб'ектах кампаніі, у новым гіпермаркеце дзейнічае праграма лаяльнасці "Е-плюс", праводзіцца акцыя "Красная цана", можна прыняць удзел у народнай гульні "Удача ў прыдачу!". Магчыма, трохпакаёвая кватэра, якую разыграюць ужо 31 снежня, дастанецца камусьці з пакупнікоў новага "Еўраопта".