Эстафету "Полымя міру" сёння сустрэлі ў гісторыка-культурным комплексе "Лінія Сталіна"

16 июня 2019

Факеланосцы прабеглі па музеі пад адкрытым небам. Уздоўж акопаў і траншэй першым пранёс полымя Уладзімір Карачэўскі - генеральны дырэктар "Беларусьфільма". А вось наступны факеланосец - Сяргей Міхно - бронзавы прызёр у танкавым біятлоне Армейскіх міжнародных гульняў. Што сімвалічна: перадаў эстафету прама на танку. З агнём на ваеннай тэхніцы праехаў і беларускі асілак Кірыл Шымко. Апошняя лакацыя комплексу - браняпоезд, на якім пракаціліся ўсе ўдзельнікі агністага прабегу. 

А ўжо праз некалькі гадзін агонь II Еўрапейскіх гульняў прыбудзе да мемарыяльнага комплексу "Курган Славы". Менавіта там і перададуць эстафету беларускай сталіцы.