Эстафета Перамогі крочыць па Беларусі

22 февраля 2020
Эстафета Перамогі стала яшчэ бліжэй да фінішу. Нагадаем, маштабны міжнародны праект, прысвечаны 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне стартаваў на пачатку месяца ў Брэсце. Кожны дзень сімвал эстафеты сустракаюць у новым горадзе. А кожны прыпынак - гэта чарговая хвіліна маўчання. Удзельнікі прабегу наведаюць памятныя месцы ў 10-ці краінах. Іх падарожжа будзе доўжыцца 4 месяцы. 

Як сімвал эстафеты крочыць па Беларусі - у рэпартажы Ганны Кавалёвай. За плячыма  тры з паловай тысячы кіламетраў па трох рэгіёнах Беларусі. Каманду ўдзельнікаў эстафеты прыняў Лоеў. Па традыцыі сімвал вялікага падарожжа сустрэлі ўрачыстым мітынгам, выступленнем аркестра і грукатам зброевых залпаў. 

Эстафета падарожнічае пад слоганам 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Маршрут пралягае ўздоўж знешніх меж Беларусі. Дарэчы, Лоеўскі раён - адзін з нямногіх, дзе дзяржаўная мяжа распасціраецца і па сушы, і па вадзе. Тут каманду эстафеты сустрэла мясцовая пагранічная група.

Кожны прыпынак - гэта чарговая хвіліна маўчання ля памятных месцаў. Лоеў стаў восьмым  населеным пунктам, куды прынеслі сімвал эстафеты - пагранічны слуп. Тут кветкі ляглі да пліт мемарыяльнага комплексу «Бітва за Днепр».

У кастрычніку 43-га гэта месца стала эпіцэнтрам ключавых падзей Вялікай Айчыннай. Тады з двух бакоў Дняпра ў баі сышліся 4 мільёны чалавек. Пасля за вызваленне раёна каля 300 нашых салдат атрымаюць званне Героя. Цяперашняе пакаленне пагранічнікаў працягвае ганаровую справу дзядоў па ахове дзяржаўных меж. У дзень прыбыцця эстафеты ў Лоеве не толькі прадэманстравалі тэхнічныя магчымасці беларускіх пагранічнікаў і паказальныя выступленні сучасных абаронцаў радзімы, але і яшчэ раз успомнілі тую сумную дату, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна. Пад гэтыя словы стартавала і сама міжнародная эстафета. Па Брэсцкай крэпасці пранеслі партрэты герояў, якія зрабілі першыя крокі да Перамогі. Сярод гледачоў шэсця былі і тыя, хто цудам змог уцалець, каб сёння перадаць свае ўспаміны маладому пакаленню. 

Вялікае падарожжа эстафеты працягнецца 4 месяцы. За гэты час удзельнікі праекта пройдуць па тэрыторыі 10-ці краін. Апошнім пунктам маршруту стане Паклонная гара ў Маскве. Там сімвал эстафеты сустрэнуць 28 мая.