Эстафета "Полымя міру" набліжаецца да кульмінацыі

7 июня 2019

Зусім хутка агонь ІІ Еўрапейскіх гульняў прыбудзе ў Мінск - сталіцу спаборніцтваў,  а пакуль маршрут працягваецца па Гомельскай вобласці.

Сёння "Полымя міру" прыбыло да беларускіх металургаў - караван факеланосцаў даставіў яго ў Жлобін з Гомеля. На пляцоўцы ля Лядовага палаца гасцей  сустракалі больш за дзве тысячы жыхароў горада  чарадой  флэшмобаў, затым агонь пранеслі па вуліцах да стальнога  сэрца Беларусі - металургічнага завода  і прадоўжылі  маршрут па цэхах прадпрыемства. 

Затым эстафета накіравалася да старажытнай сядзібы Козел-Паклеўскіх: факел  пад гукі жывой класічнай музыкі  пранеслі і па паркавым комплексе, і па інтэр'ерах ХIX стагоддзя ўнутры сядзібы.

На паўднёвым усходзе  Беларусі агонь прабудзе да 10 чэрвеня. Заўтра факел даставяць у Нацыянальны парк  "Прыпяцкі",  а далей маршрут пройдзе праз Тураў і Мазыр. У цэлым "Полымя міру" пераадолее 7700 кіламетраў. Канчатковым  пунктам  стане сталічны стадыён "Дынама",  дзе і будзе дадзены старт ІІ Еўрапейскім гульням.