Эстафета агню II Еўрапейскіх гульняў працягвае свой шлях па Магілёўскім рэгіёне

1 июня 2019

Ён ужо пабываў у абласным цэнтры, Шклове, аграгарадку Александрыя. Сёння факеланосцаў прымалі Горкі. Пранеслі агонь спартсмены, медыйныя асобы, бізнесмены. Батанічны сад, летні амфітэатр, сельгасакадэмія - пра самыя яркія моманты свята Андрэй Ястрабаў.

Менавіта тут вынайшлі самы першы камбайн у свеце. Акадэмія ў Горках - найбуйнейшая аграрная ВНУ Еўропы - і сёння застаецца галоўным пастаўшчыком кадраў для сельскай гаспадаркі. Механізатары, жывёлаводы. 21 спецыяльнасць. І кожная  важная для эканомікі краіны.

Дарэчы, ВНУ па праве носіць статус міжнароднай. Тут і зараз спасцігаюць асновы працы на зямлі амаль паўтысячы замежных студэнтаў з 12 краін, у тым ліку Туркменіі, Казахстана, Узбекістана, а яшчэ Кітая і Украіны.

Альма-матар выгадавала  не аднаго майстра спорту, у тым ліку міжнароднага класа, чэмпіёнаў свету па армрэстлінгу і паўэрліфтынгу. Зусім свежая перамога юніёраў на чэмпіянаце свету па барацьбе. Сельгасакадэмія ў Горках заслужыла права прымаць агонь эстафеты II  Еўрапейскіх гульняў.

Нядзіўна, што першай пранесці агонь выпаў гонар Юліі Белавусавай. Майстар спорту па вольнай барацьбе, пераможца міжнародных турніраў. Пад родныя апладысменты  землякоў.

Вядомыя спартсмены, бізнесмены, медыйныя асобы. Жартуюць, што бягуць і за сваю кампанію, і за ўсю краіну. Нядзіўна, што такая колькасць фотарэпарцёраў і камер. Сэлфі з удзельнікамі эстафеты проста апанавалі сацыяльныя сеткі.

У батанічны сад і дэндрарый акадэміі агонь проста не мог не зазірнуць. Амаль 6 га, 3,5 тысячы раслін  з Еўропы, Паўночнай Амерыкі, Далёкага Усходу і Сярэдняй Азіі. Шлях немалы, але для Сяргея Шкіндзерава лёгка. Банкір з рэгаліямі байца - уладальнік крапавага берэта, майстар спорту па рукапашным боі, дзюдо. Ужо ў прадчуванні Гульняў. 

І ўжо на галоўную плошчу Горак агонь даставілі, здавалася, у кампаніі  з усім горадам. Канцэртная праграма, фота з талісманам Гульняў  Лесікам. І вялікі флэшмоб. Ужо заўтра эстафета агню II Еўрапейскіх гульняў адправіцца ў Слаўгарадскі і Быхаўскі раёны.