Яшчэ шэсць арэндных дамоў пабудуюць у наступным годзе

18 ноября 2013

Гэта сёння паведамілі падчас аператыўнага пасяджэння ў мэрыі. Вядома, што цэны на такія кватэры, як і зараз, будуць ніжэйшыя, чым на рынку прыватнага жылля. Хто заселіцца ў новыя дамы ў першую чаргу, ведае Антаніна Станкевіч.



Развіваць ці не развіваць сістэму арэнднага жылля ў сталіцы - такое пытанне сёння нават і не стаіць. Кватэры па дзяржрасцэнках з'явіліся ў Мінску паўтара года таму, але карыстаюцца вялікім попытам. Статыстыка сцвярджае: на адну такую кватэру звычайна прэтэндуюць каля 10 сем'яў. Зараз іх пакуль што нямнога - каля 600. Але ў будучыні іх з'явіцца больш - за кошт службовага і сацыяльнага жылля.


За паўтара года арэнднае жыллё прынесла ў гарадскі бюджэт больш за два мільярды рублёў. Гэта няшмат, але і кошт такіх кватэр, у параўнанні з прыватным, у два, а то і тры разы ніжэйшы.


Пакуль што большасць арэндных кватэр у горадзе - другаснае жыллё. Новых дамоў усяго толькі два - ва Уруччы побач з Паркам высокіх тэхналогій. Але ў найбліжэйшы год плануюць пабудаваць яшчэ 6 такіх дамоў.


Прэтэндаваць на таннае жыллё гіпатэтычна можа кожны чалавек. Але перавага пры засяленні аддаецца тым, хто стаіць у чарзе. Прычым, хутчэй заселяць тых, хто ў гэтым спісе першы і, адпаведна, мае найбольшую патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Зараз у чарзе ў Мінску стаяць больш за 240 тысяч чалавек. А таму развіццё сістэмы арэнднага жылля - прыярытэтны кірунак жыллёвай палітыкі.