Яшчэ адзін абуральны выпадак, які ўзарваў Інтэрнэт

24 ноября 2014

Апублікаваныя факты безгаспадарлівасці на ферме ў Міёрскім раёне. Фотасправаздачу падрыхтавала працаўніца фермы. У кадры - тушы загінуўшых жывёлін, побач з імі сабакі. Каля бітонаў з малаком блукаюць каты, а для захоўвання прадукцыі няма нават халадзільнікаў. Сітуацыяй зацікавілася наша здымачная група. Злачынная безгаспадарлівасць або правакацыя - адказ шукала Вольга Маслоўская.


Святлана Капаева - дзённы вартаўнік на малочна-таварным комплексе. Кіраўніцтва працаўніцай незадаволена. Афіцыйная версія - няякаснае выкананне абавязкаў і прагулы. Сама Святлана ўпэўненая - прычына ў іншым. Тыдзень таму яна размясціла ў Інтэрнэце фотазамалёўкі з жыцця фермы.


Адказвае за ферму самае буйное сельгаспрадпрыемства Міёрскага раёна. Перадавое па збожжы, мясе і малаку. Па выніках мінулага года Мікалаеўскі - на дошцы пашаны. Праблемную ферму далучылі да флагмана АПК год таму, але за гэты час парадак, здаецца, навесці не атрымалася.


Гэта так званая малочная. Тут захоўваецца малако (халадзільніка, дарэчы, няма) і апараты для даення. Да нядаўняга часу тут жыў кот, а за дзвярамі ў суседнім пакоі ўжо некалькі дзён ляжыць труп сабакі.


Праблем з выплатай зарплаты тут сапраўды няма. Сельгаспрадпрыемства нядрэнна зарабляе. Яшчэ б, больш за палову вырабленага малака Мікалаеўскі прадае класам экстра. Аб якасці прадукцыі з гэтай фермы мы спыталі ў кіраўніка.


Кіраўнік прадпрыемства ўпэўнены: на комплексе нічога звышнатуральнага не адбываецца. І на фатаграфіях, якія зрабіла Святлана Капаева, працоўны працэс. Нібы, адразу ж пасля гэтага тушы жывёлін павезлі на ўтылізацыю. Раённыя ўлады на баку дырэктара прадпрыемства. Гавораць, калі б не вартаўнік, і праблем бы не было. Праўда, толькі па тэлефоне.


Вячаслаў Бялько, намеснік старшыні Міёрскага райвыканкама (па тэлефоне): Сачыць за парадкам на ферме, рабіць своечасовую ўборку, не дапушчаць на тэрыторыю фермы вандроўных жывёлін - гэта ўсё абавязкі дзённага вартаўніка. Капаева сваімі фатаграфіямі праілюстравала тое, што яна няякасна выконвала свае службовыя абавязкі.


На прадпрыемстве распавялі, што ў наступным годзе ферма перастане існаваць. Тут пабудуюць два сучасныя малочна-таварныя комплексы з даільнымі заламі. Аб былым становішчы спраў застануцца толькі ўспаміны. Непрыемныя.