Эпідэміі грыпу ў Беларусі гэтай зімой, хутчэй за ўсё, не будзе

29 января 2014

Пра гэта сёння заявіў Міністр аховы здароўя нашай краіны Васіль Жарко на пасяджэнні калегіі ведамства ў Мінску. Сур'ёзных успышак захворванняў, нягледзячы на мінусавую тэмпературу, беларускія медыкі не зафіксавалі. Больш падрабязна аб сітуацыі з грыпам, выніках працы сферы аховы здароўя ў 2013 годзе і планах на гэты год у матэрыяле Наталлі Тарасюк.


Грып адмяняецца. Беларускія медыкі практычна ўпэўненыя: эпідэміі гэтай зімой, хутчэй за ўсё, чакаць не варта. Ды і захворванні на звыклыя ВРВЗ - пакуль на ўзроўні мінулага года. Не пускае грып да нас, гавораць спецыялісты, не толькі марознае надвор'е, вынік дала тая самая прафілактыка, галоўнымі ў якой былі прышчэпкі.


Васіль Жарко, Міністр аховы здароўя Беларусі: Мы прышчапілі каля 40 % насельніцтва. Плюс летась каля 40 %, 50 % з іх маюць імунітэт - гэта больш за палову краіны маюць абарону. Я думаю, што сёлета такіх эпідэмій, як было ў 2008 і 2009, не будзе.


Эфектыўнасць уколу ад віруса ўрачы ацэньваюць высока - 78%. Гэта значыць, амаль у 80 выпадках са 100 гэты метад барацьбы з вірусам на папярэджанне спрацоўвае. У кампаніях, акрамя аздараўленчага эфекту, ацанілі і эканамічны: на бальнічныя беларусы сыходзяць радзей.


Ала Дашкевіч, загадчыца супрацьэпідэмічнага аддзялення Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі: Узровень захворванняў на рэспіраторныя інфекцыі характэрны для гэтага перыяду года. Па выніках лабараторнага маніторынгу адзначаецца перавага негрыпозных рэспіраторных вірусаў. Гэта значыць, РС-вірусы, рынавірусы, адэнавірусы.


Спрацаваць у перспектыве, у тым ліку і на прафілактыку, павінны і індыкатары якасці працы ўчастковых урачоў. Па-новаму ацэньваць працу гэтых дактароў прапанаваў сёння міністр аховы здароўя на вялікай калегіі ведамства. Тут жа прагучала яшчэ адна заява - ужо з красавіка зарплата ўчастковых урачоў і медперсанала хуткай дапамогі павялічыцца прыкладна на 40 працэнтаў. Што ж датычыцца лічб не грашовых, і, мабыць, больш важных - то ўпершыню за 20 гадоў летась мы выйшлі на натуральны прырост насельніцтва.


Ігар Ласіцкі, намеснік Міністра аховы здароўя Беларусі: Мы не выпусцілі сваіх пазіцый у параўнанні з мінулым годам, утрымалі на ўзроўні дзіцячую смяротнасць, не дапусцілі матчынай смяротнасці.


Толькі дзіцячую смяротнасць ад траўм удалося знізіць на 12 працэнтаў. Аб гэтым і ў цэлым аб дасягненнях беларускіх хірургаў-артапедаў нашы спецыялісты ўжо ў сакавіку распавядуць у ЗША. Нашых урачоў на гэты Міжнародны медыцынскі форум запрасілі ўпершыню ў гісторыі.


Аляксандр Бялецкі, дырэктар ДУ РНВЦ траўматалогіі і артапедыі, доктар медыцынскі навук: Упершыню амерыканская асацыяцыя артапедаў дала нам у сакавіку 15-хвілінны даклад на форуме, дзе будзе прысутнічаць 30 тысяч амерыканскіх спецыялістаў. Наогул на постсавецкай прасторы такога не было ніколі, каб далі ўкраінцам, расіянам або нам даклад.


Адкрытая і Беларусь для замежных медыкаў. І вось яшчэ адна прыемная тэндэнцыя. Як гавораць нашы ўрачы, краіны сярэдняй Азіі, Казахстан і Закаўказзе цалкам памянялі вектар. Калі раней ездзілі ў Маскву і Пецярбург, то зараз імкнуцца пераняць вопыт у спецыялістаў у Мінску.


Экспарт медыцынскіх паслуг летась вырас амаль у 4 разы, калі параўноўваць з 2010 годам. У выніку ўдалося зарабіць больш як 20 мільёнаў долараў, хоць першапачаткова планавалася ўсяго 13.