Engineering Jam праходзіць у ЕРАМ

18 мая 2019
Наладжванне сістэмы дакладнага земляробства і ацэнка стану ўраджаю, мабільны памочнік для праходжання мытні і экалагічная карта горада. Гэтыя і шматлікія іншыя ідэі лічбавай трансфармацыі беларускай эканомікі абмяркоўвалі сёння IT-спецыялісты кампаніі ЕРАМ і прадстаўнікі дзяржорганаў і ведамстваў. Другі хакатон сацыяльна-значных праектаў Engineering Jam сабраў больш як 150 удзельнікаў. І нягледзячы на выхадны дзень, праца ў галаўным офісе кампаніі ЕРАМ была па-сапраўднаму гарачай. Асноўная мэта мерапрыемства - палепшыць, а часам і распрацаваць з нуля, дадаткі і сэрвісы для дзяржорганаў, якія ў першую чаргу закліканыя спрасціць і зрабіць больш камфортным жыццё беларусаў. 

Аркадзь Добкін,  старшыня савета дырэктараў кампаніі EPAM SYSTEMS: "Гэта заўсёды выклікае станоўчыя эмоцыі і ў нашых кліентаў, і ў нашых супрацоўнікаў, таму што ёсць магчымасць вырашаць задачу і зрабіць прататып у вельмі кароткі прамежак часу і пры гэтым камунікаваць з заказчыкам. І заказчык становіцца часткай гэтага працэсу. Гэта не заўсёды прыводзіць да нейкіх выдатных вынікаў, але гэта стварае атмасферу разумення праблем і часта трыгерыць сур'ёзныя праекты".

Вынікі двухдзённага хакатона падвядуць заўтра. Лепшыя ідэі кампанія ЕРАМ абяцае рэалізаваць. Прычым абсалютна бясплатна.