Елачныя базары ў сталіцы і цэнтральным рэгіёне пачнуць працаваць 22 снежня

7 декабря 2017

Толькі ў Мінску будзе больш за 200 гандлёвых пляцовак. Ужо сёння лясгасы гатовы прапанаваць навагоднія дрэвы на розны густ: гэта хвоі і елкі ў тым ліку і жывыя - у кадках.

Дзе вырошчваюць самы зялёны і пушысты сімвал Новага года і як пра дрэвы будучых пакаленняў клапоцяцца ў лесагадавальніках? З Лагойскага раёна з падрабязнасцямі Аляксей Кандраценка.

Ад Калінінграда да Новасібірска. Дэлегацыя кіраўнікоў арганізацый ляснога сектара з Расіі гэтымі днямі пераймае вопыт работы лясгасаў Мінскай вобласці. Лагойскі - адзін з самых буйных. Зрэшты, размахам і багаццем флоры расіян не здзівіш, расказвае Андрэй Чартоў з Ханты-Мансійска. Цікавасць менавіта да беларускіх падыходаў і методык.

Першы пункт у маршруце - лесагадавальнік. Пасадачны матэрыял, сродкі аховы раслін. Гасцей цікавяць усе аспекты.

Вось такія пухнатыя трохгодкі па мерках дрэў – яшчэ “школьнікі”. Але адзінАццаць класаў ім тут вучыцца (а дакладна расці) не спатрэбіцца. Ужо наступнай вясной – выпускны.

Праўда, і фарміраванне ў таварны выгляд - працэс вельмі доўгатэрміновы.

Дарэчы, зараз усе лясніцтвы Лагойскага раёна рыхтуюцца да навагодніх свят. Асартыментам і цэнамі абяцаюць парадаваць пакупнікоў. Праўда, нагадваюць: усё павінна быць па законе.

Елачныя базары стартуюць акурат праз два тыдні. Зрэшты, вялікі выбар штучных дрэў ужо даступны ў гандлёвых цэнтрах. Ну, а жывую і духмяную ігліцу ў дадатак прапануюць і больш за 160 лясніцтваў па ўсёй Мінскай вобласці.