Ёлкі сталіцы ўспыхнулі навагоднімі агнямі

14 декабря 2017

Літаральна гадзіну таму навагоднімі агнямі ўспыхнулі ўсе ёлкі сталіцы. Цэнтрам па традыцыі стала Кастрычніцкая плошча. Адначасова тут зазіхацелі тысячы агнёў.

Самая вялікая ёлка краіны вышынёй больш за 30 метраў упершыню ўпрыгожана святлодынамічнымі сняжынкамі і шарамі. Яны пераліваюцца і днём. Незвычайныя цацкі і гірлянды ўпрыгожваюць і астатнія 28 навагодніх дрэў. Дэкор кожнага з іх распрацоўвалі дызайнеры. Упершыню сёлета мінчане змогуць вадзіць карагоды вакол ёлкі ў сталічным парку Уга Чавеса і ля станцыі метро "Партызанская".

А ўжо заўтра, пачынаючы з 12 гадзін дня, палюбавацца галоўнай ёлкай можна будзе з гарачай гарбатай або кавай. На Кастрычніцкай плошчы, а таксама ля Палаца спорту зашуміць "Калядны кірмаш". Традыцыйны шчодры кірмаш будзе частаваць дранікамі, блінамі, каляднымі пернікамі. Тут жа можна будзе набыць і навагоднія сувеніры.

Усе агні вялікага горада запаляцца ўжо заўтра. Гірлянды ўздоўж вуліц і праспектаў, 3D-шары і скульптуры, што свецяцца, - вячэрняя прагулка па Мінску будзе па-сапраўднаму яркай.