Ёлка на Кастрычніцкай плошчы стане самай высокай у Беларусі

21 ноября 2016

Усталёўка 34-метровага дрэва пачалася сёння раніцай. Пакуль толькі з'явіўся бетонны фундамент, на якім умацуюць ствол з металічнымі абручамі. Пасля канструкцыю ўпрыгожаць хвойнымі лапкамі, цацкамі і гірляндамі. Над усталёўкай навагодняй прыгажуні працуе брыгада з васьмі спецыялістаў. Вышынныя работы яны будуць выконваць з дапамогай спецыяльнай пад'ёмнай тэхнікі.

Дзмітрый Пракапенка, майстар УП «Мінскрэклама»: "Працы лічацца падвышанай небяспекі. Таму што вышыня немаленькая, заўтра ўжо будуць задзейнічаныя вышкі. Мы ўсталявалі бетонавыя блокі, якія будуць трымаць канструкцыю, сёння манціруецца першая частка ствала".

У завершаным выглядзе жыхары і госці сталіцы ўбачаць галоўную ёлку 10 снежня. Усяго ў сталіцы будзе 24 навагоднія дрэвы. Яны з'явяцца і ў спальных мікрараёнах горада.