Эліту сусветнага ўзбраення сёння прапанавалі ў Мінску

9 июля 2014

Пунсовую стужку перарэзалі на адкрыцці 7-й міжнароднай выставы ваеннай тэхнікі Мілекс-2014. Сёлета геаграфія ўдзельнікаў больш чым шырокая: прыехалі як пастаянныя госці - Расія і Арменія, так і далёкія - Кітай і нават Аўстралія. Практыка мінулых гадоў паказвае: Мілекс дае старт новым партнёрскім адносінам, а часам і новым ідэям.


Каму ў наш час трэба будзе сказаць сваё слова ў айчынным і сусветным узбраенні - раскажа Дзмітрый Лукша. З моманту мінулай выставы Мілекс прайшлі ўжо тры гады. За гэты час вядучыя абаронкі ўсяго свету стварылі нямала ўзораў найноўшага ўзбраення. Прымаць сучасныя распрацоўкі падахвоцілася сёлета Мінск-Арэна. Да такога ходу падштурхнула маштабнасць мерапрыемства. У Мінск прыехалі афіцыйныя дэлегацыі з 23 краін.


Эліта сусветнага ўзбраення фактычна пад адным дахам. Нездарма Мілекс лічаць найбуйнейшай міжнароднай выставай ва ўсходнееўрапейскім рэгіёне. Ганаровы статус сёлета прыцягнуў і новых удзельнікаў. Сваю моц вырашылі прадэманстраваць дэлегаты з Італіі і Кітая.


Беларусы ж упершыню публіцы прадэманстравалі сапраўдныя казыры айчыннага ўзбраення. Беспілотныя авіяцыйныя комплексы спецпрызначэння. Мабільныя радыёрэлейныя станцыі. І аўтамабілі павышанай праходнасці мэйд ін Мінскі завод колавых цягачоў. Дарэчы, апошняя мадэль ужо заехала ў боксы нашых пагранзастаў. Але не выключана, што гэтыя ўсюдыходы ў хуткім часе могуць пакінуць межы Беларусі. У фармаце экспарту.


Нельга сказаць, што гэтае мерапрыемства не выходзіць за рамкі выставачнага фармату. Мілекс стварае імідж айчыннай абаронкі. А прапанаваць партнёрам беларусам ёсць што.


Напярэдадні Кіраўнік дзяржавы даручыў нашым канструктарам заняцца распрацоўкай новага зенітна-ракетнага комплексу. Арыенцір - расійскі хіт комплекс С-300. Тэрміны мінімальныя.


Асобную ўвагу на выставе надалі абароннай сістэме будучыні. Да прыкладу, госці з Расіі прадэманстравалі амуніцыю салдата 21-га стагоддзя. Гэта партатыўныя міні-камп'ютары. Гатовыя да працы нават у самых гарачых пунктах.


У рамках выставы запланаваны шэраг двухбаковых сустрэч. На якіх будзе абмяркоўвацца далейшае супрацоўніцтва беларускага ваенна-прамысловага комплексу з замежнымі калегамі. Па сутнасці, менавіта гэтымі днямі ў Мінску пішацца новае слова ў айчыннай і сусветнай абароннай сістэме. І ўдвая ганарова, што Беларусь свае ініцыялы выводзіць з загалоўнай літары.