Элегантныя сукенкі, белыя каўнерыкі і нязменны элемент вобраза - стужка выпускніка

30 мая 2018

Сёння важны і, без сумнення, хвалюючы дзень для выпускнікоў, іх бацькоў, настаўнікаў. На ўрачыстых лінейках вучні танцавалі школьны вальс, дзякавалі сваім педагогам. Лепшыя з лепшых - пераможцы алімпіяд, спартыўных спаборніцтваў, творчых конкурсаў - сёння сабраліся ў "Мінск-Арэне". На галоўнай лядовай арэне краіны апынулася каля 10 тысяч выпускнікоў. Для іх выступілі ALEKSEEV, NaviBand, Аляксандр Саладуха і іншыя артысты. Наш карэспандэнт Надзея Сербіненка правяла з выпускнікамі цэлы дзень.

Сапраўды летні майскі дзень для гэтых хлопцаў і дзяўчат асабліва хвалюючы. У 37-ай сталічнай гімназіі 11 клас сканчаюць каля 90 чалавек. Да свайго апошняга званка яны рыхтаваліся старанна і не толькі за падручнікамі. Усёй паралеллю паставілі танец - школьны вальс у сучаснай інтэрпрэтацыі.

Элегантныя сукенкі, белыя каўнерыкі і нязменны элемент вобраза - стужка выпускніка.

Са школай сёння развіталіся і амаль 8 тысяч адзінаццацікласнікаў Мінскай вобласці. Выпускнікі Азярцоўскай школы яшчэ да канца і не вераць, што гэта іх апошнія гадзіны разам.

Не менш, чым выпускнікі, сёння хваляваліся і першакласнікі. А ў маленькай Ані сёння нават ажыццявілася мара - абвясціць канец навучальнага года.

У Віцебску апошні званок прайшоў на галоўнай адкрытай канцэртнай пляцоўцы краіны. Поўную глядзельную залу сёння сабраў Летні амфітэатр. Пад бурныя апладысменты гледачоў у амфітэатры прагучаў апошні званок.

У кожнай школе - свае традыцыі апошняга званка. Напрыклад, з 7-ай школы Брэста выпусцілася ўжо 8 пакаленняў. Тут паглыблена вывучаюць нямецкую, англійскую і кітайскую мовы. І калі для большасці дзяцей наступілі канікулы, то ў выпускных класаў наперадзе адказны этап - экзамены і выбар прафесіі.

Якім быў яго апошні званок, успомніў выпускнік школы № 14 у горадзе Полацку, а зараз міністр адукацыі, Ігар Карпенка.

Калі летась у "Мінск-Арэне" сабраліся толькі выпускнікі мінскіх школ, то сёлета свята набыла рэспубліканскі маштаб. Дзесяць тысяч чалавек на адной пляцоўцы - гэта лепшыя з лепшых - пераможцы алімпіяд, спартыўных спаборніцтваў, творчых конкурсаў.

У "Мінск-Арэне" ва ўнісон забіліся сэрцы адразу дзесяці тысяч выпускнікоў. Павіншавалі іх і выканалі свае хіты ALEKSEEV, NaviBand, "Дразды", Аляксандр Саладуха і іншыя артысты.

Сёння школьнікі маюць права ўзяць невялікую перадышку - у гонцы за ацэнкамі і баламі. Бо ўжо паслязаўтра, 1 чэрвеня, ва ўсіх школах краіны пачнуцца першыя экзамены. Як і летась, дзевяцікласнікі будуць здаваць тры выпрабаванні, адзінаццацікласнікі - пяць. І літаральна адразу пасля экзаменаў школьных стартуе ўступная кампанія ў ВНУ. Як раз на экзаменах усе пажаданні поспехаў, якія сёння гучаць у адрас выпускнікоў, ім асабліва спатрэбяцца.