Праверыць сваю фізічную падрыхтоўку прапануюць у вяровачных гарадках Мінскага раёна. Спецыяльныя трасы абсталяваныя падвяснымі элементамі. Праз іх трэба праходзіць падчас пераадолення перашкод. Дарожкі дасягаюць дваццаці метраў у вышыню. Ці бяспечна гэта - раскажа Юлія Токар.
Падвясны атракцыён на тросах, вяроўках і спецыяльных мацаваннях займае плошчу амаль у два гектары. На такой вялікай тэрыторыі размяшчаецца так званы вяровачны гарадок. Ён мае 4 трасы, прычым у кожнай - асаблівыя складанасці: сноўборд, скаладромныя сцены. Напрыклад, на гэтай дарожцы прыйдзецца прайсці праз падвясны веласіпед.
Вяроўкі страховачнай сістэмы разлічаны на дзве тонны вагі. Але ж спачатку абавязковая тэорыя ад інструктара, які раскажа, якім чынам правільна рухацца па трасах атракцыёна.
Тым, хто наведвае вяровачны гарадок упершыню, нават дарослым, прыйдзецца прайсці вучэбную трасу. Тут адпрацоўваюць прымяненне страхоўкі і пераадоленне перашкод. І толькі пасля гэтага можна пераходзіць на тры складаныя трасы.
Працягласць некаторых - амаль трэць кіламетра. А вось вышыня дасягае дваццаці метраў. Такі экстрэмальны шлях здзіўляе нават прафесійных спартсменаў. Кацярына Ліс – чэмпіёнка свету сярод ваеннаслужачых па таэквандо. Але і ў яе зайграў адрэналін.
У Мінскім раёне такіх відаў актыўнага адпачынку пакуль што пяць. Кожны вяровачны гарадок здзіўляе сваіх наведвальнікаў рознага ўзроўню трасамі. Таму бадзёры і цудоўны настрой экстрэмалам забяспечаны.













