Экспазіцыю “Куфры Беларусі” прэзентуе Музей народнай архітэктуры і побыту

15 июня 2020
“Куфры Беларусі”. Музей народнай архітэктуры і побыту прэзентуе новую экспазіцыю - значную частку калекцыі традыцыйных куфраў, сабраную на працягу амаль 45 гадоў існавання музея. Аб чым могуць расказаць куфры Беларусі і што можна было вызначыць па дэкарыраванні, узорах і колерах – даведалася Ларыса Гулякевіч.

Цікавыя гісторыі з жыцця сялян могуць расказаць нам беларускія куфры. Яны з цягам часу перабраліся з пакояў на гарышчы, уступіўшы месца сучаснай мэблі. Некалі бабулін скарб – сёння куфар – не проста музейны экспанат - сімвал утульнасці і аўтэнтыкі. Раней куфар у хаце выконваў не толькі ролю шафы ці камода, іншы раз нават служыў ложкам ці лаўкай. А галоўнае, захоўваў самыя каштоўныя тады рэчы – пасцельную бялізну, ручнікі, абрусы, сурвэткі, сатканыя ці вышытыя ўручную. 

Каля 150 гадоў таму маладыя дзяўчаты перад вяселлем у драўляным куфры захоўвалі свой пасаг, які між тым з'яўляўся доказам працавітасці дзяўчыны і заможнасці яе сям'і. 

Да шлюбу дзяўчыну рыхтавалі з дзяцінства і пачыналі збіраць пасаг у «вясельны куфар». Яго і паказвалі сватам ды гасцям.  

Увогуле калекцыю музея складаюць каля 70 куфраў, але пакуль для экспазіцыі аднавілі і адрэстаўравалі толькі 25. У кожнага - свая гісторыя, свой лёс і нават радаслоўная. Так, напрыклад, калі куфар размаляваны кветкамі ды букетамі – гэта Усходняе Палессе, калі адштампаваны геаметрычнымі ўзорамі – то гэта віцебскі край. Дарэчы, штампы рабілі з бульбы ці рэпы, акуналі іх у мінеральныя фарбы – атрымліваўся рознакаляровы роспіс.  Каб больш яскрава ўявіць карціну сялянскага вяселля тых часоў, святочнай атмасферы дадаюць сельскія музыкі, якія сабраліся ў двары.