Экспазіцыя сакральнага мастацтва ў Спаса-Праабражэнскай царкве

28 января 2021

Храм стаў выставачнай залай. У адным з аб'ектаў Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту - у Спаса-Праабражэнскай царкве вёскі Барань - размясцілі экспазіцыю сакральнага мастацтва. Музейныя прадметы (літаграфіі, фотакопіі, аўтарскія малюнкі) расказваюць пра рэлігійную спадчыну не столькі буйных духоўных цэнтраў Беларусі, колькі пра самабытнасць веры ў вёсках і мястэчках Беларусі. Падрабязна ў рэпартажы Наталлі Бардзілоўскай.

Абраз Ядзвігі Сілезскай, якая пры жыцці хадзіла басанож і была кананізавана за апеку над сіротамі. Медальён - сведка каранацыі іконы Маці Божай Вастрабрамскай. І ўнікальныя "хаткі" для ікон - бажніцы, якія сустракаюцца толькі ў Заходняй Беларусі. Гэтыя прадметы раскажуць пра гісторыю веры ў нашых краях. Іх вы не ўбачыце ў храмах. Не мастацкія, але, безумоўна, духоўныя рэліквіі нашых продкаў, якія рабілі святыя куткі ў хатах, намольвалі кожную рэч. Праз пакаленні перадавалі хрысціянскую традыцыю разам з просценькімі матэрыяльнымі сімваламі.

Гэта пачатак вялікага праекта. Галоўны этнамузей краіны будзе дэманстраваць рэгіянальныя асаблівасці культавага жыцця беларусаў, як у штодзённым жыцці праяўлялі культуру веры жыхары Паазерья, Падняпроўя, цэнтральнай Беларусі. Зараз дэманструюць збор з Астравецкага края.

Іконы, бажніцы, кнігі, крыжы, медальёны. Каля сотні прадметаў аб’яднала выстава пад назвай "Сакральная культура ў народным побыце Астравеччыны". Гэта калекцыя заснавана на навуковых экспедыцыях. Вучоныя не проста збіралі прадметы па вёсках. Яны запісвалі гісторыі пра кожную рэч, а потым іх рэстаўравалі.

Вось парныя іконы - "Сэрца Дзевы Марыі" і "Сэрца Ісуса". Менавіта спецыялісты-рэстаўратары адкрылі на палотнах выявы анёлаў. А гэта вынасны крыж, які захоўваўся ў старэйшыны населенага пункта і выкарыстоўваўся выключна падчас хрэснага ходу ці на пахаванне. Прадмет музейшчыкі былі вымушаны капіраваць, бо ў натуральным выглядзе ён быў пашкоджаны шашалем. За кожным экспанатам унікальная гісторыя асобнага ўладальніка і ўсёй нашай краіны.

З адкрыццяў выставы - творчасць мастачкі з народа. Юліцыя Кармазо пісала іконы і нават адыграла рашаючую ролю ў лёсе Гярвяцкага касцёла. Менавіта дзякуючы яе руплівасці дом божы не закрылі ў брэжнеўскія часы. Выстава будзе папаўняцца, праз тыдзень да раздзелаў Багародзічнага і выяў Ісуса тут дададуць іконы святых.