Экспазіцыя плошчай 15 тысяч квадратных метраў

17 июня 2014

142 тысячы экспанатаў, масштабныя інсталяцыі і мультымедыйныя гіды. Музей Вялікай Айчыннай вайны рыхтуецца адчыніць свае дзверы наведвальнікам. Ад першых хвілін вайны да ўсталявання савецкімі салдатамі сцяга над купалам Рэйхстага.


Па экспазіцыйных залах прайшоўся і наш карэспандэнт Аляксандр Харавец. Праца каманды рэстаўратараў пад кіраўніцтвам Аляксандра Баранцава, вядучага мастака залы Дарога вайны, на завяршальнай стадыі. Зараз спецыялісты начышчаюць браню легендарнага Т-34. Машына ўдзельнічала ў бітвах і нягледзячы на даволі сталы узрост - 70 гадоў - і сёння гатова прадэманстраваць свой баявы запал.


А вось у гэтай зале выстаўлена ваенная тэхніка, дзякуючы якой Савецкая армія атрымала перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне. Тут Т-34 тараніць нямецкі танк, стаіць гаўбіца, самаходна-артылерыйская ўстаноўка і грузавыя аўтамабілі ваенных гадоў. Усяго на пляцоўцы размясціліся 20 адзінак баявой тэхнікі і ўзбраенняў.


Гэтая двухкрылая баявая машына - дакладная копія легендарнага І-16. У народзе яе называюць муха. Такіх знішчальнікаў да вайны выпусцілі каля 7 тысяч. Сёння іх засталіся адзінкі.


Ад нападу Германіі на СССР да аднаўленчай эпохі вялікай краіны. Дзесяць экспазіцыйных залаў новага музея ўяўляюць сабой адзіны маршрут вайны, сфарміраваны па храналогіі. Даваенныя будні, першыя хвіліны вайны, партызанскі лагер, рэйкавая вайна і франтавы быт. Рэалістычнасць тых падзей перададзена не толькі праз мультымедыйныя сродкі, а таксама пры дапамозе інсталяцый.


Першымі ўсе экспазіцыйныя залы ўбачаць жывыя сведкі жудасных падзей - ветэраны Вялікай Айчыннай. Наведаць новы музей яны змогуць у дні святкавання 70-годдзя вызвалення Беларусі.