Эксперты Савета Еўропы ацэняць бяспеку ў мінскім аэрапорце

16 декабря 2015

У гэтыя дні еўрапейскія эксперты ацэньваюць бяспеку Нацыянальнага аэрапорта Мінск. Працягваецца візіт у Беларусь прадстаўнікоў Групы Пампіду Савета Еўропы. Эксперты азнаёмяцца з каардынацыяй дзейнасці ўсіх службаў паветранай гавані, а таксама падзеляцца вопытам Еўрасаюза ў гэтай сферы. А таксама вывучаць вопыт працы беларускіх службаў. Па выніках візіту ўдзельнікі Групы Пампіду ўнясуць рэкамендацыі, як процідзейнічаць наркатрафіку праз галоўны аэрапорт краіны.

Тоні Верахтэрт, прадстаўнік бюро сувязі пры Савеце Еўропы, галоўны камісар - прыкамандзіраваны чыноўнік Бельгійскай федэральнай паліцыі: "Гэта першы візіт прадстаўнікоў Групы Пампіду ў Беларусь. Удзельнікі плануюць наведаць МЗС Беларусі, Міністэрства ўнутраных спраў, мытныя і пагранічныя службы краіны. А таксама азнаёміцца з працай розных службаў аэрапорта. У сваю чаргу прадстаўнікі Беларусі ўжо запрошаныя на сустрэчу Групы Пампіду для абмену вопыту і абмеркавання праблем".

Андрэй Міхалькевіч, начальнік мытні "Мінск-2": "Мы разлічваем, што Беларусь зможа ўдзельнічаць у праграмах міжнароднай тэхнічнай дапамогі і пераўзбраення. Разлічваем на паглыбленні ўзаемадзеяння з еўрапейскімі службамі, якія працуюць на лініі паветранай сувязі і міжнароднай сувязі".

Місія Групы Пампіду дазволіць узмацніць інтэграцыю Беларусі ў еўрапейскую сістэму міжнароднага ўзаемадзеяння і выпрацаваць агульныя меры па барацьбе з незаконным абарачэннем наркотыкаў і псіхатропаў.