Эксперымент на беларускай мяжы

1 июня 2017

На беларускай мяжы сёння пачаўся эксперымент. Ён павінен паўплываць на якасць і хуткасць праходжання пагранпераходаў. Найбуйнейшы грузавы пункт пропуску "Казловічы" запрацаваў у новым фармаце. З сённяшняга дня частка функцый пагранічнікаў ускладзена на супрацоўнікаў мытні. Гэта пашпартны і санітарны кантроль, праверка законнасці знаходжання на тэрыторыі Беларусі альбо праезд транзітам, а таксама праверка дакументаў аб страхаванні. Прынцып "аднаго акна" ўжо паспелі ацаніць і грузаперавозчыкі. Прапускная здольнасць тэрмінала штодня – больш чым 2 тысячы фур у абодва напрамкі.

Аляксандр Піхун, начальнік Брэсцкай мытні: "Мэта эксперыменту - выключыць у першую чаргу дубліраванне функцый, скараціць час праходжання кантрольных аперацый і павялічыць таварапаток на знешняй мяжы ЕАЭС. Папярэднічала гэтаму эксперыменту сур'ёзная падрыхтоўка. 66 нашых супрацоўнікаў прайшлі навучанне ў Інстытуце пагранічнай службы і з сённяшняга дня пачалі рэалізацыю гэтага праекта".

Эксперымент прадоўжыцца тры месяцы. Калі вынік будзе станоўчы, то аналагічны вопыт распаўсюдзіцца і на іншыя пункты пропуску. Дарэчы, такая практыка паспяхова ўкаранёная ў Фінляндыі.