Экскурсаводы Верхняга горада запрашаюць паглядзець на Мінск у іншым ракурсе

9 июля 2014

Турыстычны сезон у разгары. Экскурсаводы Верхняга горада запрашаюць паглядзець на Мінск у іншым ракурсе. Ад старажытных летапісаў у ратушы, да музея гужавога транспарту ў былым манастыры бернардзінцаў.


Якія маршруты самыя запатрабаваныя ў мінчан і гасцей горада, высвятляла Наталля Кузьміцкая. Штогод у адным з самых цікавых гістарычных месцаў Мінска, Верхнім горадзе, ладзяць розныя музычныя і культурныя фэсты. Аднак і без такіх праграм тут заўсёды ёсць на што паглядзець. Вось і студэнты архітэктурнага каледжа сёння змянілі вучэбныя аўдыторыі на свежае паветра і архітэктурныя формы Верхняга горада.


Класіцызм суседнічае з барока, мадэрн пераплятаецца з эклектыкай. Амаль усе будынкі гістарычнага цэнтра адноўлены. І сёння Верхні горад Мінска выглядае, як напрыканцы 19 стагоддзя, у час свайго росквіту.


Знаёмства з гісторыяй Мінска пачынаецца менавіта з ратушы. Сімвал гарадскога самакіравання сёння не толькі ўпрыгожвае сталіцу, але і выконвае шмат функцый. У гэтым будынку праводзяцца розныя ўрачыстыя мерапрыемствы. Да таго ж у ратушы сабраны вельмі цікавыя гістарычныя дакументы.


Калекцыю старажытных летапісаў дапаўняюць партрэты ваяводаў і знакамітых беларускіх князёў, жывапісныя і картаграфічныя выявы, па якіх можна прасачыць усю гісторыю развіцця Мінска. Сёння з ёй знаёмяць самых маленькіх.


Пасля агляду ратушы экскурсійная група накіроўваецца ў музей гужавога транспарту. Карэты, брычкі і сані, толькі нядаўна размясцілі ў былым манастыры бернардзінцаў.


Для аматараў гісторыі ў адным з філіялаў Музея горада - цікавая экспазіцыя Назад у БССР. Знакаміты пыласос Буран, падшкляннікі, партыйныя білеты, плёначныя фотаапараты і вядомая ўсім авоська. Экспазіцыя выставачнаай залы нібы машына часу пераносіць у стары Мінск савецкіх часоў.