Экскурсію па Палацы Незалежнасці правялі для ліквідатараў наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС

26 апреля 2019

Напярэдадні 33-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС для ліквідатараў, а таксама  супрацоўнікаў дэпартамента па ліквідацыі наступстваў катастрофы і падначаленых арганізацый правялі экскурсію па Палацы Незалежнасці. Герояў  той неаб’яўленай вайны невыпадкова запрасілі менавіта сюды, у будынак-міратворац,  які стаў архітэктурным сімвалам беларускай дзяржаўнасці, маладой і моцнай краіны, здольнай супрацьстаяць нават нябачнаму ворагу - такому, як радыяцыя. А тады,  у 1986,  менавіта нашы тэрыторыі апынуліся ў эпіцэнтры радыеактыўнага рамонка - так спрашчалі схему паражонай зоны.

Тыя, хто аказаўся сярод першых ліквідатараў, якія прынялі на сябе радыяцыйны ўдар, а таксама тыя, хто і сёння ахоўвае нас ад наступстваў аварыі, убачылі дзясяткі цырыманіяльных і рабочых залаў з гістарычным падтэкстам у кожнай дэталі, бо практычна ўсё ў палацы беларускае. Асаблівую ўвагу надалі гіганцкай люстры, якая важыць дзве тоны і ўваходзіць у дзясятку самых вялікіх асвятляльных прыбораў свету.

У Беларусі працуе спецыяльная дзяржаўная праграма. У лік асноўных кірункаў па пераадоленні катастрофы ўваходзяць сацыяльная, радыяцыйная абарона, а таксама сацыяльна-эканамічнае развіццё пацярпелых рэгіёнаў і навукова-інфармацыйная падтрымка насельніцтва.