Эксклюзіўная размова з Дзедам Марозам у Белавежскай пушчы

30 декабря 2017

Завітаем у галоўную сядзібу беларускага Дзеда Мароза - у Белавежскую пушчу. Колькасць турыстаў за гады яе існавання дасягнула больш за 2 мільёны чалавек з розных краін свету: ад Японіі да ЗША. У гэтыя святочныя дні на сядзібе сапраўдны турыстычны бум. У дзень - каля 7 тысяч гасцей. Нягледзячы на загружанасць, гаспадар усё ж згадзіўся на інтэрв’ю для нашай праграмы.

Расказвае Вікторыя Патоня.

Адразу хачу падзякаваць, што Вы, Дзядуля Мароз, знайшлі час для нашага тэлеканала, каб мы маглі пагутарыць. Я ведаю, што падчас зімовых канікул у Вас фактычна няма часу. Адкажыце, калі ласка, колькі турыстаў наведваюць зараз сядзібу пушчанскага чараўніка?

Дзед Мароз: Я павінен сказаць: часцей вельмі шмат. Лік ідзе на тысячы! І так кожны дзень. Украіна, Латвія, Польшча, Чэхія, Славакія. Расіян вельмі шмат у гэтыя дні, вельмі многа беларусаў з усіх куточкаў нашай Сінявокай.

Дзе знаходзіцца галоўная ёлка Дзеда Мароза на сядзібе і ці прыбірае яе Дзед Мароз, калі заканчваюцца навагоднія святы?

Дзед Мароз: Яна тут, на сядзібе. Ніхто яе не прыбірае. Таму што тут мы сустракаем гасцей цэлы год. І карагоды там пастаянна, нават калі +32.

Дзеля чаго стваралася вось гэта сядзіба ў Нацыянальным парку “Белавежская пушча”?

Дзед Мароз: У першую чаргу, каб падтрымаць даўнія традыцыі нашых беларусаў. Другое - каб людзі знаёміліся з незвычайнай прыгажосцю нашай прыроды, Белавежскай пушчы. І галоўнае - каб людзі сапраўды ўпэўніліся, што верыць у цуды - гэта значыць, верыць у дабрыню і самыя лепшыя чалавечыя пачуцці.

Ці бывае пушчанскі чараўнік у водпуску?

Дзед Мароз: Чараўнік не бывае ў адпачынку. Уявіце сабе: вы прыехалі, а Дзед Мароз паехаў! Так што, ён заўсёды на гэтым месцы, на баявым пасту. Зразумела, дзеці чакаюць нешта незвычайнага. І ў першую чаргу чакаюць тыя, хто прыязджае сюды. Мы адказваем на лісты, прыязджаем у бліжэйшыя садкі, школы.

Што новага павінна з’явіцца на сядзібе пушчанскага чараўніка ў бліжэйшы час?

Дзед Мароз: Гэта сакрэт. Як кажуць беларусы, лепей 1 раз убачыць, чым 100 разоў пачуць. Я гэтыя тайны раскрываць не буду. Хай людзі прыязджаюць і пабачаць, што гэта за месца.

Што пажадаеце ў 2018 годзе беларусам і гледачам нашага тэлеканала?

Дзед Мароз: З вялікім задавальненнем, шаноўныя беларусы, я віншую вас з надыходзячымі святамі: Калядамі і Новым годам! Каб вы адчувалі, што мы жывём у добры час. І абавязкова пад кожнай ёлачкай у кожнай сям’і будзе ляжаць падарунак ад беларускага Дзеда Мароза. І дзеткам, і нават дарослым!