У Мінску змешчана больш за 12 500 кантэйнераў для паасобнага збору смецця

25 ноября 2016

Выкарыстаць паўторна і ўтылізаваць правільна! Эканамічны эфект можа быць і ад другаснай сыравіны. Для пэўных відаў смецця: шкла, пластыку і паперы - у сталіцы змешчана больш за 12 500 кантэйнераў.

Паасобны збор дазваляе перапрацаваць толькі трэцюю частку другаснай сыравіны. Які эфект прыносіць правільна сартаванае смецце, разбіралася Юлія Токар.

Наталля Блышчык свой экалагічны выбар зрабіла яшчэ ў школе. Таму адразу пасля ўніверсітэта прафесійна занялася аховай прыроды. Сёння зялёныя звычкі выхоўвае і ў сваёй сям'і. Пачалі з паасобнага збору смецця. Для правільнай ўтылізацыі адыходаў у кухні ўсталявалі міні-кантэйнеры для збору пластыку, паперы і шкла.

Для такога ж паасобнага збору смецця ў Мінску змешчана больш за 12 500 кантэйнераў. Амаль чатыры тысячы - новыя, большага аб'ёму і зручныя ў эксплуатацыі.

Відавочныя і знешнія перавагі. Корпус кантэйнера - антывандальны, з металу. Акрамя таго, спецыяльныя раз'ёмы дазваляюць выкідваць толькі пэўнае смецце: паперу, шкляныя бутэлькі і пластык. А вось дастаць з-пад такой цяжкай накрыўкі не атрымаецца. Таму вакол кантэйнераў захоўваецца чысціня.

Правільна сартаваць смецце мінчан пачалі вучыць яшчэ 10 гадоў таму. Культура паасобнага збору хоць марудна, але прыжываецца. Пакуль у Беларусі паасобна збіраюць толькі 15% адыходаў, у той час як у Аўстраліі, Германіі, Швейцарыі - у чатыры разы больш.

Тое, што мы паленаваліся выкінуць у адпаведную урну, за нас паасобна сартуюць рабочыя на спецыялізаваным прадпрыемстве. Атрымліваецца дадатковая нагрузка. А інакш паперы, слоікам і пластыкавым вырабам другое жыццё не даць.

Паасобны збор смецця і перапрацоўка другаснай сыравіны дае не проста экалагічны, але і эканамічны эфект. Бо стары пластык вяртаецца да нас у выглядзе адзення, мэблі, офісных прылад; шкляныя бутэлькі становяцца ўніверсальным уцяпляльнікам і гукаізалятарам. А макулатуру ператвараюць у канцылярскую паперу.