Эканамічна дзіўная гісторыя

9 сентября 2013

Каму выгадны рост кошту акцый Уралкалія або як гаспадары карумпіраванай кампаніі паспрабавалі абрынуць рынак? Кампетэнтныя меркаванні экспертаў аб сутнасці спекуляцыйнай схемы. Якім будзе развіццё калійнага загавору і перспектыўныя чаканні рынку па аднаўленні адносін з Беларуськаліем - у наступным матэрыяле.


Расказвае Юрый Казлоў. Падзенне і ўзлёт, купля і перапрадажа. Спрагназаваць паводзіны калійнага рынку зараз не бярэцца ніхто. Справа ў тым, што на ім прысутнічае гулец, дзеянні якога не паддаюцца эканамічнай логіцы. Затое лёгка тлумачацца з пункта погляду логікі спекуляцыйнай. Яшчэ ў пачатку лета нішто не прадвяшчала цяперашняй буры. Цэны на прадукцыю былі стабільна высокімі, гэтая сітуацыя задавальняла ўсіх вытворцаў. Але раптам гендырэктар Уралкалія Уладзіслаў Баўмгертнер заяўляе аб выхадзе са складу Беларускай калійнай кампаніі. Расійскі вытворца пачынае дэмпінгаваць, г. з. наўмысна збівае цэны. Рынак абвальваецца. Акцыі, у тым ліку і Уралкалія, пачынаюць страчваць у цане. З пункта погляду эфектыўнага менеджменту ход не вельмі зразумелы - выхад з БКК не прынёс ніякай выгады Уралкалію. Больш дакладна, выгады ён не прынёс самому прадпрыемству. Іншая справа буйныя акцыянеры і топ-менеджмент. Бо валодаючы патрэбнай інфармацыяй, можна ў шмат разоў павялічыць свой капітал на ўзлёце і падзенні акцый - скупляць іх па нізкім кошце, прадаваць - па высокім.


Сяргей Глаз'еў, саветнік Прэзідэнта Расіі па пытаннях рэгіянальнай эканамічнай інтэграцыі: Эканамічна гэтая гісторыя выглядае вельмі дзіўна. Гаспадары Уралкалія вырашылі абрынуць рынак. У гандлёвай практыцы ёсць такая стратэгія. Калі вы хочаце выжыць з рынку канкурэнтаў, вы часова зніжаеце цэны, канкурэнты вылятаюць у трубу, банкруцяцца, і вы потым захопліваеце ўвесь рынак і пачынаеце цэны ўзнімаць. 2-3 гады такой вайны - і ў вас увесь рынак. Вы нешта страчваеце падчас ваенных дзеянняў, але затое захопліваеце ўвесь рынак. Потым адбіваеце гэта на большым маштабе. Гэта называецца нядобрасумленная канкурэнцыя. Менавіта таму ўводзяцца антыдэмпінгавыя пошліны, пра якія мы гаварылі, каб такую практыку спыняць. Таму тое, што вы бачылі на рынку, гэта нядобрасумленныя дзеянні, якія пацягнулі за сабою абвальванне цэн як на таварных рынках, так і найважнейшае для нашага фінансавага рынку, які зараз вельмі валатыльны, падзенне цэн на акцыі. І калі гаварыць аб эканамічных наступствах, то яны асабліва негатыўныя і для Расіі, і для Беларусі, і для Пермскай вобласці. Таму тое, што тут адбываецца, з эканамічнага пункта погляду выглядае як прыклад буйнамаштабнага агрэсіўнага дзеяння з уронам для ўсіх навакольных.


З самага пачатку калійнай справы паперы Уралкалія падалі ў цане. Але на выхадных СМІ са спасылкай на ананімныя крыніцы паведамілі, што галоўны акцыянер расійскай кампаніі Сулейман Керымаў прадае свой пакет акцый. Паперы Уралкалія тут жа ўзляцелі ўверх. На Лонданскай і Маскоўскай біржах яны падаражэлі больш як на 7% і працягнулі расці нават пасля абвяржэння інфармацыі аб здзелцы. Як заявіў у інтэрв'ю Бізнес-ТАСС эксперт Raiffeisenbank Канстанцін Юмінаў, рынак чакае, што пры новым акцыянеру будуць адноўленыя адносіны з Беларуськаліем.


Сяргей Аліханаў, фінансавы аналітык: Керымаў прыйшоў да тупіку ў развіцці Уралкалія, зараз гэта апошні шанц атрымаць максімальны прыбытак. Гэта спроба ўзняць цэны. Ёсць імавернасць, што Керымаў скарыстаўся інсайдарскай інфармацыяй і зараз спрабуе адкарэктаваць цэны актываў для далейшага продажу.


Forbes: На канец пятніцы капіталізацыя Уралкалія на ММВБ складала $14,7 млрд, на LSE - $14,3 млрд. Зыходзячы з гэтага, кошт 21,75% акцый кампаніі, якія кантралюе Керымаў (звесткі Уралкалія на 12 ліпеня) складае $3,1-3,2 млрд. Акцыі Керымава закладзеныя па крэдытах у шэрагу банкаў, у тым ліку ў Ашчадбанку і ў ВТБ… Пачынаючы з 2010 года, Керымаў, па разліках Forbes, мог выдаткаваць на здзелкі з акцыямі Уралкалія каля $3 млрд. Амаль усё куплялася ў крэдыт і зараз галоўная мэта Керымава - разлічыцца з крэдыторамі і зарабіць на гэтай гісторыі зверху хоць бы $1-1,5 млрд.


Меркаванні экспертаў аб сутнасці спекуляцыйнай схемы разыходзяцца, але ўсе аналітыкі ўпэўненыя, на рынку ідзе несумленная гульня.


Віталь Ціханаў, начальнік інфармацыйна-аналітычнага аддзела ААТ Беларуская валютна-фондавая біржа: Гэта ўжо не здаровая спекуляцыя. Гэтым павінны займацца адпаведныя кампетэнтныя органы. Хтосьці валодае інсайдарскай інфармацыяй, выкарыстоўвае ўнутраную інфармацыю аб стане кампаніі, можа рабіць высновы. Напрыклад, кіраўнік кампаніі, калі ён прадае акцыі сваёй кампаніі, то ўдзельнікі могуць выказаць здагадку, што не ўсё ў кампаніі добра.


Аналітыкі не выключаюць, што калійны загавор мог мець глабальны характар. Месяц таму Федэральнае ведамства па наглядзе за фінансавым сектарам Германіі BaFin пачало ўласнае (пакуль неафіцыйнае) расследаванне рыначнага абвалу. Справа ў тым, што выхад Уралкалія з БКК і наступнае паніжэнне цэн на калійную прадукцыю выклікала рэзкае падзенне каціровак нямецкага канцэрна K+S. Зараз ведамства вывучае справаздачы аб здзелках, зробленых з каштоўнымі паперамі кампаніі.


Калі ў супрацоўнікаў BaFin з'явяцца доказы правядзення інсайдарскіх здзелак і маніпуляцый на фондавым рынку, ведамства пачне ўжо афіцыйнае расследаванне. Нямецкі фіннагляд атрымае права на аналіз канкрэтных здзелак прыватных і юрыдычных асоб, сабраную інфармацыю перададуць у пракуратуру для ўзбуджэння крымінальнай справы. Якія прозвішчы могуць усплыць падчас расследаванняў - здагадацца няцяжка. На думку спецыялістаў K+S Group, расійскі след у гэтай гісторыі відавочны, і зацікавіцца персонамі Керымава і Баўмгертнера неўзабаве могуць не толькі беларускія сілавікі.