Экамедсэрвіс у эпіцэнтры гучнага скандалу

5 мая 2013

Прыватны медцэнтр на гэтым тыдні апынуўся ў эпіцэнтры гучнага скандалу. Прычынай паслужыла смерць пацыенткі ў Экамедсэрвісе. У сакавіку ёй правялі хірургічную аперацыю, пасля чаго яна ўпала ў кому і праз 4 тыдні памерла. У сувязі з трагічным выпадкам у сітуацыю быў вымушаны ўмяшацца Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка даручыў прыцягнуць да адказнасці вінаватых медыцынскіх і адміністрацыйных работнікаў і ўзяць пад кантроль  дзейнасць цэнтра. Праведзеная праверка паказала, што прычынай смерці дзяўчыны быў няспраўны апарат штучнага дыхання. Па факце службовай халатнасці ўзбуджаная крымінальная справа, затрыманыя дырэктар і чацвёра супрацоўнікаў.


Расказвае Уладзімір Каралёў: Панядзелак 6 мая для Алы і Юрыя Кубаравых будзе цяжкі. Бацькі загінуўшай дзяўчыны прыедуць у Мінск, каб распавесці следчаму пра апошні пакутлівы месяц жыцця сваёй дачкі. 27 сакавіка дзяўчына легла на аперацыйны стол адной з лепшых прыватных клінік краіны, як лічыла Юлія, каб выправіць гарбінку на носе перад вяселлем. Дзяўчына звярнулася да лепшых, як яна лічыла, спецыялістаў. Выбар прыйшоўся на сталіцу, паколькі ў родным Гродне рынапластыка толькі развіваецца. У медцэнтры дзяўчыну і бацькоў запэўнілі, што аперацыя зойме не больш за дзве гадзіны. Вопытны хірург, за плячыма якога не адзін год працы ў гэтай галіне, зможа хутка і якасна правесці аперацыю.  Але і пасля трох гадзін на аперацыйным стале Юлія не апрытомнела. Дактары ўпэўнівалі, што аперацыя прайшла паспяхова. Будзіць дзяўчыну не варта, паколькі моцны боль будзе мучыць яе да раніцы. З клінікі бацькі пайшлі апошнія познім вечарам. Праз некалькі гадзін глыбокай ноччу яны прыедуць у чацвёртую клінічную бальніцу, дзе медыкі паставяць страшны дыягназ. 23 красавіка дзяўчына памерла, так і не апрытомнеўшы. Ёй было 23 гады.

З гэтага тыдня трагічная гісторыя Юліі Кубаравай на асабістым кантролі ў Кіраўніка дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка даручыў вызваліць з пасад усіх вінаватых медработнікаў і адміністрацыйны персанал цэнтра, а таксама прымяніць да іх меры абмежавання ў адпаведнасці з заканадаўствам. Прэзідэнт таксама даручыў Міністэрству аховы здароўя ўзяць пад кантроль і кіраванне цэнтрам. Будучыня гэтай камерцыйнай арганізацыі вызначыцца ў найбліжэйшы час. Па факце смерці 23-гадовай жыхаркі Гродна Юліі Кубаравай ужо  ўзбуджаная крымінальная справа за неналежнае выкананне прафесійных абавязкаў. Затрыманыя пяцёра работнікаў Экамедсэрвіса. Гэта хірург, які праводзіў аперацыю, анестэзіёлаг і дзве медсястры, а таксама дырэктар клінікі Галіна Валжанкіна - у дачыненні да яе таксама ўзбуджаная крымінальная справа ў адпаведнасці з артыкулам Службовая халатнасць. Унутранае расследаванне правялі і ў самім Экамедсэрвісе. Яго матэрыялы атрымалі бацькі загінуўшай.  У дакументах пацвярджаецца, што праз тэхнічную няспраўнасць апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх, да якога падключылі дзяўчыну, з Юліяй Кубаравай магло здарыцца альбо кіслароднае галаданне, альбо атручэнне вуглякіслым газам, пасля чаго ў яе ўтварыўся ацёк мозгу.

Такія важныя апараты павінны правярацца кожныя паўгода. Але ў Экамедсэрвісе апошні раз медабсталяванне чамусьці праверылі ў 2010. Ужо калі Юлія знаходзілася ў коме, у Інтэрнэце з'явіліся артыкулы, што Экамедсэрвіс прызнаны лепшым медыцынскім цэнтрам 2012 года. У галасаванні прынялі ўдзел дзясяткі тысяч чалавек, меркаванне якіх можа служыць арыенцірам для ўсіх мінчан,  паведамлялася на старонцы цэнтра. У 2005 годзе за адсутнасць неабходнай кваліфікацыі дактароў беларуска-амерыканская кампанія Экамедсэрвіс-інвест была пазбаўленая ліцэнзіі. Праз некаторы час у Мінску на тым жа месцы, з тым жа персаналам адкрыўся новы медыцынскі цэнтр Экамедсэрвіс. Яшчэ 8 гадоў таму журналісты білі трывогу. Тады маштабная праверка проста ўразіла Міністэрства аховы здароўя выяўленымі фактамі. Шматразовае завышэнне цэн пры лячэнні,  размяшчэнне рэнтгенаўскага апарата на балконе шматкватэрнага жылога дома - як вынік павышаны радыяцыйны фон у суседзяў. Падобнае нядбалае стаўленне да здароўя пацыентаў прыводзіць да таго, што яны пазбаўляюцца жыцця нават у знакамітых медцэнтрах.

Паводле звестак сусветнай статыстыкі, з пяці тысяч толькі адзін памірае на аперацыйным стале праз эстэтычную хірургію. Яшчэ каля 30 атрымліваюць калецтвы і ўскладненні розных ступеняў цяжару. За 2010 год у свеце было праведзена 9 мільёнаў пластычных аперацый. У любым выпадку смерць пацыента - гэта надзвычайнае здарэнне, і рэакцыя на яго дзяржавы заўсёды жорсткая.