Экалагічную ачышчальную станцыю адкрылі ў Мядзельскім раёне

5 ноября 2019
Новую сістэму ачысткі сцёкавых вод запускаюць у Цэнтральным рэгіёне. Сёння ў Мядзельскім раёне адкрылі экалагічную станцыю, якая патрабуе мінімум энергіі. Праект рэалізаваны па нямецкіх тэхналогіях і пакуль першы ў краіне. 

Юлія Токар пра перавагі новага аб'екта.

Новая ачышчальная станцыя знаходзіцца ў вёсцы Стахоўцы Мядзельскага раёна. І варта адзначыць, што месца абрана невыпадкова: самыя буйныя водныя артэрыі Мінскай вобласці - рэкі і азёры - знаходзяцца тут. Таму так важна, каб сцёкавыя воды перш чым трапіць у вадаёмы, праходзілі сур'ёзную ачыстку.

У праекце гэта прадугледзелі. Мадэрнізавалі сістэму фільтрацыі - цяпер выкарыстоўваюць пясчана-жвіравыя фільтры. Такі механічны спосаб максімальна набліжаны да прыроднай ачысткі і патрабуе мінімальных энергазатрат. 

Экалагічнае збудаванне рэалізавалі сумесна з нямецкімі партнёрамі. Дырэктар інжынернага бюро з Германіі Хрысціян Шульц прысутнічаў на ўрачыстым адкрыцці.

Этапаў ачысткі некалькі. Самы галоўны - біялагічны. На вось гэтых палях. Тут некалькі відаў пяску і расце трыснёг. Праз карэнне расліны праходзіць самая важная фільтрацыя - ад азоту. У шахтах кантролю мы бачылі паказчыкі - вада ачышчаецца на 95%. І зноў трапляе ў грунтовыя воды. Вось такі штучны кругаабарот без выкарыстання хімічных элементаў.

Паводле слоў спецыялістаў, такая сістэма ачысткі падыходзіць толькі для невялікіх населеных пунктаў, дзе пражываюць не больш за паўтысячы чалавек. А паколькі праект пілотны, пры ўмове яго паспяховай рэалізацыі аналагічныя збудаванні могуць з’явіцца на карце Беларусі.