Экалагічная акцыя напярэдадні рэспубліканскага суботніка

14 апреля 2018

Напярэдадні рэспубліканскага суботніка, які пройдзе пад знакам малой радзімы 21 красавіка, шматлікія беларусы ўжо пачалі наводзіць парадак ва ўласных дварах, гарадах і ў знакавых месцах. У сталіцы, напрыклад, вядомыя спартсмены, дэпутаты і пісьменнікі прыводзілі ў парадак Мінскі парк камянёў. У Гродзенскай жа вобласці больш за сотню чалавек працавалі на мемарыяльным комплексе "Шаулічы". Гэтая вёска 75 гадоў таму паўтарыла лёс Хатыні. Аб вялікай справе для малых радзім - Юрый Карняловіч.

Такі прыгожы і сімвалічны старт у кампаніі па навядзенні прыгажосці. Вялікае прыбіранне малой радзімы пачынаецца сёння са сталіцы. Прычым, прыводзяць у парадак не проста Мінскі парк камянёў - ён, па сутнасці, краіна ў мініяцюры. Экалагічную акцыю на працягу сезона падхопяць і ў рэгіёнах. У гэтым і сэнс - прыкласці руку да навядзення прыгажосці можа кожны.

Сярод удзельнікаў экалагічнай акцыі - дэпутаты, пісьменнікі, вядомыя спартсмены. Кожны працуе на ўчастку, які сімвалізуе менавіта яго малую радзіму. Удзельнікі экафоруму прыбіраюць леташнее лісце, падфарбоўваюць лавы і высаджваюць дрэвы.

А гэта ўжо мемарыяльны комплекс "Шаулічы". Вёска, якая 75 гадоў таму паўтарыла лёс Хатыні. У ліпені 43-га немцы спалілі 366 мясцовых жыхароў. Сёння іх імёны ўшанаваныя ў граніце.

Віктар Паўлавіч аб тых страшных падзеях ведае ўсё падрабязна. Ён родам з Ваўкавыскага раёна і не раз чуў гісторыю знішчэння цэлай вёскі непасрэдна ад відавочцаў.

Доўгі час на месцы знішчаных Шаулічаў заставаліся толькі падмуркі згарэлых хат. Мемарыяльны комплекс пабудавалі ўсім светам. Ініцыятарам выступілі прафсаюзы Гродзенскай вобласці. Былі ўстаноўлены імёны ўсіх загінуўшых жыхароў і зараз на месцы кожнага згарэлага дома пабудаваны сімвалічныя сцены з імяннымі таблічкамі.

Сёння на заклік навесці парадак у Шаулічах адгукнуліся больш за сотню жыхароў з розных раёнаў вобласці. Удзельнікі імправізаванага суботніка ачысцілі мемарыял ад леташняга лісця і буралому, абнавілі памятныя знакі.

Усе, хто сёння наводзіў парадак у Шаулічах, вырашылі сёлета яшчэ раз вярнуцца ў мемарыяльны комплекс. Але ўжо 7 ліпеня, непасрэдна ў дзень гібелі вёскі. Прыняць удзел у жалобным мітынгу, ускласці кветкі і яшчэ раз успомніць тых, хто загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны.