Эколагі адзначаюць прафесійнае свята

5 июня 2015

Сёння ва ўсім свеце сваё прафесійнае свята адзначаюць эколагі. У Мінску свята аховы навакольнага асяроддзя праходзіць 13-ты раз. Па традыцыі ў адным з сталічных паркаў горада ладзяцца экалагічныя акцыі, гульні і канцэрт. Падчас свята адзначылі пераможцаў рэспубліканскага конкурсу малюнкаў на экалагічную тэматыку.

Карэспандэнт Юлія Токар пабывала на дзіцячым фэсце і даведалася, як з дапамогай сучасных тэхналогій навучаюць беражлівасці. Сёння сталічны Лошыцкі парк ператварыўся ў экалагічны маладзёжны форум. На пляцоўцы летняга амфітэатра школьныя агітбрыгады заклікалі да беражлівасці. Выпускнік 30-й гімназіі Ілья Дрантусаў не толькі ведае законы экалагічнай чысціні, але і разам са сваімі сябрамі іх прытрымліваецца.

Падчас свята падвялі вынікі рэспубліканскага конкурсу дзіцячых экалагічных малюнкаў. Ён складаўся з трох этапаў, у апошнім удзел прынялі амаль 70 юных мастакоў. Ацэньвалі экалагічныя шэдэўры ў дзвюх узроставых катэгорыях. Самым маленькім удзельнікам – 3 гады.

Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя выступіла з ініцыятывай навесці парадак на Трасцянецкім палігоне і ўздоўж мінскай кальцавой дарогі. Моладзь не засталася ўбаку, далучылася да агульнай справы.

Як берагчы энергарэсурсы, эканоміць ваду і захоўваць чысціню? Спецыяльна для дзяцей распрацавалі мабільны дадатак ecco kids. У трохузроўневай гульні з дапамогай графікі і схем – наглядныя прапановы. Ацаніць карысць ноу-хау паспелі і бацькі.

Кульмінацыяй экалагічнага свята стала спецыяльнае дэфіле мадэляў. Калекцыя выключна з натуральных матэрыялаў: сухацветы, папера, пластык. Усе экалагічныя калекцыі створаны школьнікамі. Для іх жа гэта і своеасаблівы ўрок беражлівасці.