Экаініцыятыва ў маштабе цэлай краіны. У Беларусі стартаваў "Тыдзень лесу"

28 марта 2020
За сем дзён высадзяць каля 18 мільёнаў дрэў хвоі, елкі, бярозы. Да экаініцыятывы традыцыйна далучыліся палітыкі, спартсмены, моладзь. Напрыклад, на радзіме Якуба Коласа ў Стаўбцоўскім раёне працавалі прадстаўнікі Адміністрацыі Прэзідэнта. Там аднаўлялі  3 гектары, пашкоджаныя караедам. А ля Кургана Славы  азелянялі сквер. Зрабіць свой унёсак у зялёны фонд і пасадзіць дрэва можа кожны. Пасадачны матэрыял і інвентар выдадуць у лясгасе. А вось з чаго пачынаецца лес, ведае Юлія Токар. 

Нарыхтоўка шышак - першы этап у стварэнні лесу

У сценах гэтага цэха, можна сказаць, і пачынаецца лес. Рэспубліканскі селекцыйна-насенняводчы цэнтр. Тут сабраныя шышкі хвоі, елкі высушваюць, пры дапамозе спецыяльнага апарата насенне "абяскрыльваюць", даследуюць у лабараторыі і адпраўляюць сыравіну на захоўванне. 

Палі дарошчвання могуць прыняць больш пасадачнага матэрыялу

Яшчэ некалькі этапаў і касеты, дарэчы, айчыннай вытворчасці, аказваюцца ў цяпліцах. Тут створаны спецыяльны клімат-кантроль, аўтаматычны паліў - усе ўмовы, каб праз месяц культуры трапілі на палі дарошчвання. Плошчы дазваляюць павялічыць аб'ёмы пасадачнага матэрыялу. 

Валянцін Шатраўка, першы намеснік міністра лясной гаспадаркі Беларусі: "На сённяшні дзень у нас уведзены тры цэнтры. Гэта тут, у Шчомысліцы, гэта ў Івацэвіцкім лясгасе і Глыбоцкім. Зараз ідзе актыўнае будаўніцтва ў Магілёўскім лясгасе. Ужо да сярэдзіны года, я думаю, мы атрымаем першы вынік - вырашчаныя сеянцы". 

Аднаўленне лесу па праверанай тэхналогіі

Андрэй Кунцэвіч, намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, сёння асвоіў тэхналогію пасадкі паціпуткай. Гэта спецыяльная труба, праз якую ў глебу і трапляюць сеянцы хвоі з закрытай каранёвай сістэмай. Менавіта  такія стапрацэнтна прыжываюцца. А каб працаваць было больш зручна - "ранцы" з маладымі раслінамі.  

Высадзіць дрэвы трэба як мага раней, пакуль у глебе ёсць вільгаць

Жыццё гэтай плантацыі дадуць новыя 18 тысяч дрэў. Стары лес пашкодзіў караед. Адновяць масіў і ліставы, тую ж бярозу, у адрозненне ад хвойных, высаджваюць ужо пад лапату. Але трэба спяшацца, пакуль у глебе яшчэ ёсць вільгаць. 
Магутным лесам гэтая тэрыторыя стане праз дзесяцігоддзі. Напрыклад, вось гэтым хвоям, якія ўжо злучыліся кронамі, больш за 65. Але ўжо праз сем гадоў і тут можна будзе збіраць грыбы, ягады. Дарэчы, Стаўбцоўская зямля славіцца сакавітымі чарніцамі, брусніцамі. А недалёка і Налібоцкі запаведнік. Вось яна, зялёная Беларусь.
Зрабіць краіну яшчэ больш зялёнай дапаможа маштабны экафлэшмоб. "Тыдзень лесу" ў першы дзень аб'яднаў палітыкаў, спартсменаў, моладзь па ўсёй рэспубліцы, каб папоўніць "нашы лёгкія - наш кісларод". 
 

За 7 дзён у краіне высадзяць 18 мільёнаў дрэў

За сем дзён у Беларусі высадзяць 18 мільёнаў дрэў. Удзел возьмуць больш за 40 тысяч чалавек. Тыя, хто нават у сілу сваёй занятасці ўмее расставіць правільны прыярытэт. А лічбы будуць мець значэнне толькі  тады, калі стаўленне да прыроды будзе беражлівым кожны дзень.